АКЕА́НАЎ Аляксей Яўгенавіч
(н. 25.6.1949, г.Уладзікаўказ, Паўн. Асеція),
вучоны-анколаг. Д-р мед. н. (1989). Скончыў Паўн.-Асецінскі мед. ін-т (1972). З 1972 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З 1992 дырэктар Бел. цэнтра мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. Навук. працы па эпідэміялогіі рака і інш. інфекцыйных хвароб, арганізацыі аховы здароўя, інфарматыцы.
т. 1, с. 190
АКЕ́ЕЎ Таламуш
(н. 11.9.1935),
кіргізскі кінарэжысёр. Нар. арт. Кыргызстана (1975), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ленінградскі ін-т кінаінжынераў (1958). З 1964 рэжысёр на кінастудыі «Кіргізфільм». Найб. значныя работы: «Неба нашага дзяцінства» (1968), «Люты» (паводле аповесці М.Аўэзава «Шэры люты»), «Чырвоны яблык» (паводле Ч.Айтматава), «Нашчадак Белага Барса». Усе фільмы Акеева аб’ядноўвае трывалая сувязь з нац. культурай, сучаснае мысленне. Дзярж. прэмія Кыргызстана 1972.
т. 1, с. 190
АКЕ́ЙДЫЯ
(Acadia),
нацыянальны парк у ЗША, на астравах у Атлантычным ак., каля берагоў штата Мэн. Засн. ў 1916 пад назвай Сьёр-дэ-Мон (у 1919—29 наз. Лафеет) для захавання маляўнічага ўзбярэжжа, мяшаных лясоў на а-вах Маўнт-Дэзерт і Хо. Пл. 15,6 тыс. га. У флоры больш за 500 відаў вышэйшых раслін, шмат імхоў і лішайнікаў. У фауне — 50 відаў млекакормячых (у т. л. віргінскі алень), каля 300 відаў птушак.
т. 1, с. 190
АКЕРМА́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1826.
Падпісана паміж Расіяй і Турцыяй 7 кастр. ў г. Акерман (цяпер г. Белгарад-Днястроўскі, Украіна). Дапаўняла Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, пашырыла ўплыў Расіі на Балканах. Турцыя прызнала размежавальную лінію на Дунаі, Расія атрымала права на свабоду гандлю на тэр. Турцыі і суднаходства ў яе водах, у Дунайскіх княствах аднаўлялася мясц. самакіраванне, вызначаліся прынцыпы будучага ладу Сербіі.
т. 1, с. 190