Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АТАБА́СКА

(Athabaska),

рака на З Канады, у сістэме р. Макензі. Даўж. 1231 км, пл. басейна 153 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, цячэ па Вялікіх раўнінах, упадае ў воз. Атабаска, утварае дэльту. Ледастаў з кастр. да красавіка. Разводдзе вясной. Сярэднегадавы расход вады 651 м³/с. Суднаходная ад г. Мак-Мары, размешчанага пры ўпадзенні р. Кліруатэр. На Атабасцы — порт Уотэруэйс.

т. 2, с. 64

АТАБА́СКА

(Athabaska),

возера на З Канады, у сістэме р. Макензі. Пл. 7,9 тыс. км², даўж. 370 км, шыр. 60 км, глыб. да 60 м. Выцягнута ў форме паўмесяца з У на З. Паўн. берагі высокія, скалістыя, паўд. — нізінныя. Замярзае з кастр. да чэрвеня. Упадае р. Атабаска, выцякае р. Нявольніцкая. Рыбалоўства. Суднаходства.

т. 2, с. 64

АТАБА́СКА

(Athabaska),

радовішча бітумінозных пяскоў у Канадзе, у правінцыі Альберта, у вярхоўях р. Атабаска. Адкрыта ў 1778. Распрацоўка радовішча праводзілася ў 1936—47, адноўлена з 1967. Пл. 25,6 тыс. км². Прымеркавана да зоны выкліньвання кварцавых пяскоў ніжнемелавога ўзросту на схіле Канадскага шчыта. Глыб. залягання прадукцыйнай тоўшчы да 610 м. Бітуманасычанасць ад 2 да 18%. Запасы бітумаў 101—128 млрд. т. Атрымліваюць нафту, серу, кокс, паліўны газ, бітумы і інш.

т. 2, с. 64

АТА́ВА,

трава, якая вырасла ў той жа год на кармавых сенажацях пасля скошвання ці страўлення. На пашы пасля страўлення атава адрастае некалькі разоў у залежнасці ад атаўнасці (біял. здольнасці раслін адрастаць за кошт утварэння бакавых парасткаў), надвор’я і прыёмаў догляду пашы. Высокую атаўнасць на пашы маюць райграс пашавы, мятліца лугавая, аўсяніца чырвоная, канюшына белая. Ураджайнасць атавы вышэйшая ў раёнах з вільготным кліматам і на ўрадлівых глебах. Яе можна павялічыць у 2—3 разы ўнясеннем пасля скошвання (страўлення) азотных угнаенняў, асабліва разам з паліваннем.

т. 2, с. 64

АТА́ВА

(Ottawa),

горад, сталіца Канады, у правінцыі Антарыо, на р. Атава. 920,8 тыс. ж. (1994), у тым ліку ⅔ англамоўных, ⅓ франкамоўных. Трансп. вузел. Порт. Міжнар. аэрапорт Аплендс. Радыёэлектроннае машынабудаванне (у тым ліку вытв-сць ЭВМ), прыладабудаванне; паліграф., цэлюлозна-папяровая, лёгкая, дрэваапр. і хім. прам-сць, вытв-сць алюмінію, сталі, бронзы, гадзіннікаў, шкла. Англ. і франц. ун-ты.

Засн. ў 1827 як пас. Байтаўн у сувязі з будаўніцтвам канала р. Атава — воз. Антарыо. З 1850 горад, з 1854 наз. Атава, з 1857 сталіца англ. калоніі, з 1867 — дамініёна Канада. З 1899 развіваецца паводле генплана (арх: Ф.Тод і інш., у 1937—59 — Дж.Грэбер). Шахматная сетка вуліц. У горадзе шмат вадаёмаў і паркаў з развітой сістэмай паркавых дарог. Арх. помнікі: неагатычны парламенцкі комплекс (1860; пасля пажару адбудаваны ў 1919—27, арх. Дж.Пірсан, О.Маршан), атэль «Шато-Лар’е» (1910, арх. Д.Х.Мак-Фарлін). Сярод інш. збудаванняў: Нац. б-ка (1956), Карлтанскі ун-т (1959), аэрапорт Аплендс (1960), Нац. цэнтр мастацтваў (1970), Нац. галерэя (1980) і інш. Помнікі: Ж.Карцье (1885), Дж.Макдональду (1895), каралеве Вікторыі, тым, хто загінуў у англа-бурскай вайне (абодва 1901), Р.Болдуіну і Л.Лафантэну (1908—14) і інш. У 1842 засн. Нац. музей (калекцыі мастацтва індзейцаў і эскімосаў).

т. 2, с. 65

АТАВІ́ЗМ

(ад лац. atavus аддалены продак),

рэверсія, з’яўленне ў арганізмаў прыкмет, уласцівых іх далёкім продкам. Прыклады атавізму ў чалавека — хвастападобны прыдатак, суцэльнае валасяное покрыва на целе, дадатковыя пары малочных залоз і гэтак далей; у жывёл — трохпальцавасць у коней, рагатае патомства ў камолых парод авечак і інш. Асобныя прыкметы атавізму (напр., незарастанне перадсэрдзевай перагародкі сэрца і інш.) могуць стаць асновай для паталагічных змен або перашкаджаць нармальнаму функцыянаванню арганізма.

т. 2, с. 65

АТА́ЕЎ Сяргей Сяргеевіч

(н. 18.5.1916, г. Камянец-Падольскі Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне будаўніцтва. Д-р тэхн. н., праф. (1963). Засл. будаўнік Беларусі (1962), засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў Маскоўскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1957 дырэктар Ін-та буд-ва і архітэктуры, з 1971 у БПІ, з 1979 дырэктар Бел. НДІ арганізацыі і кіравання буд-вам. З 1991 рэктар Камерцыйнага ін-та прадпрымальніцкай дзейнасці (Мінск). Навук. працы па пытаннях механізацыі буд-ва.

Тв.:

Механизация транспортно-монтажных работ в крупноэлементном жилищном строительстве. М., 1963;

Технология и экономика объемноблочного домостроения. Мн., 1967 (разам з М.П.Блешчыкам);

Технология индустриального строительства из монолитного бетона. М., 1989.

т. 2, с. 65

АТА́КА

(франц. attaque),

найбольш адказны перыяд наступальнага бою сухапутных войскаў, авіяцыі і ВМФ. Бывае пяхотная, конная, танкавая, паветраная, тарпедная (у марскім баі), ракетная і інш.; па часе правядзення — дзённая і начная, па напрамках — франтальная, флангавая, з тылу. Сухап. войскі звычайна атакуюць праціўніка пасля агнявых удараў усімі сродкамі зброі па яго пазіцыях і аб’ектах. Мотастралковыя падраздзяленні могуць атакаваць і на бронетранспарцёрах, не спешваючыся з машын. Паветраная атака — імклівы налёт самалётаў для абстрэлу і бамбардзіроўкі пазіцый і аб’ектаў праціўніка. У марскім баі атака ажыццяўляецца ўсімі родамі ВМФ, у тым ліку авіяцыяй, падводнымі лодкамі і скораснымі надводнымі караблямі.

т. 2, с. 65

АТАКА́МА

(Atacama),

пустыня ў Паўд. Амерыцы, на Пн Чылі, уздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Даўж. каля 1000 км. Уключае Берагавую Кардыльеру (выш. да 3200 м), зах. схілы Кардыльеры-Дамейкі (да 4325 м) і паміж імі Падоўжаную даліну (выш. каля 500 м). Пераважаюць камяністыя і друзавата-галечнікавыя абшары, месцамі рухомыя пяскі. Радовішчы салетры, буры, ёду, кухоннай солі, медных рудаў.

Клімат трапічны, пасатны, адносна халаднаваты пад уздзеяннем халоднага Перуанскага цячэння. На ўзбярэжжы сярэдняя т-ра студз. 19—20 °C, ліп. 13—14 °C, у Падоўжанай даліне адпаведна 22—23 °C і 11—12 °C. Ападкаў менш за 50 мм за год (полюс сухасці мацерыка). Для ўзбярэжжа Атакамы зімой і вясной характэрны высокая адносная вільготнасць, якая дасягае 82%, частыя туманы і імжа. Вадацёкаў мала, у Ціхі ак. упадае р. Лоа. Укрыта пяскамі і саланчакамі; рэдкія ксерафітныя хмызнякі, кактусы. Жывёльны свет: агуарачай, браняносец, чарапахі, змеі, яшчаркі; з птушак — грыф, трусіная сава, мухалоўка, калібры.

М.В.Лаўрыновіч.

т. 2, с. 65

АТАКАМІ́Т

(ад назвы прав. Атакама ў Чылі),

мінерал, гідраксілхларыд медзі 4[Cu2Cl(OH)3]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна ў выглядзе агрэгатаў тонкіх крышталёў, валакністых або зярністых агрэгатаў. Колер травяніста-зялёны. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск алмазны да шклянога. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 3,75—3,77 г/см³. Мінерал зоны акіслення медных радовішчаў у арыдных абласцях. Другарадная руда медзі.

т. 2, с. 65