АТА́КА

(франц. attaque),

найбольш адказны перыяд наступальнага бою сухапутных войскаў, авіяцыі і ВМФ. Бывае пяхотная, конная, танкавая, паветраная, тарпедная (у марскім баі), ракетная і інш.; па часе правядзення — дзённая і начная, па напрамках — франтальная, флангавая, з тылу. Сухап. войскі звычайна атакуюць праціўніка пасля агнявых удараў усімі сродкамі зброі па яго пазіцыях і аб’ектах. Мотастралковыя падраздзяленні могуць атакаваць і на бронетранспарцёрах, не спешваючыся з машын. Паветраная атака — імклівы налёт самалётаў для абстрэлу і бамбардзіроўкі пазіцый і аб’ектаў праціўніка. У марскім баі атака ажыццяўляецца ўсімі родамі ВМФ, у тым ліку авіяцыяй, падводнымі лодкамі і скораснымі надводнымі караблямі.

т. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)