АЦВЯРДЖА́ЛЬНІКІ,
хімічныя рэчывы, якія садзейнічаюць ацвярдзенню рэакцыйназдольных алігамераў. Да іх належаць: поліфункцыянальныя злучэнні (ды- і поліаміны, гліколі, ангідрыды арган. кіслот) — рэагуюць з алігамерамі і ўваходзяць у структуру сеткаватага палімеру; ініцыятары (арган. пераксіды, аза- і дыазазлучэнні) — ацвярджаюць алігамеры з ненасычанымі групамі (напр., алігаэфіракрылаты); каталізатары (трацічныя аміны, сульфакіслоты, асновы і інш.) — паскараюць узаемадзеянне функцыянальных груп алігамераў ці поліфункцыянальных ацвярджальнікаў; комплексныя злучэнні — актыўнае рэчыва ўтвараецца пры т-рах, блізкіх да т-р ацвярдзення.
т. 2, с. 161
АЦВЯРДЗЕ́ННЕ ПАЛІМЕ́РАЎ,
неабарачальны працэс пераходу рэакцыйназдольных алігамераў і манамераў у нерастваральныя і няплаўкія сеткаватыя палімеры. Адбываецца ў выніку ўзаемадзеяння функцыянальных груп ацвярджальных рэчываў паміж сабой ці з групамі ацвярджальнікаў пры дзеянні цяпла, выпрамяненняў высокіх энергій і інш.; суправаджаецца ўсадкай, таму ў кампазіцыю дадаюць напаўняльнікі. Тэмпература ацвярдзення палімераў павінна быць вышэйшая за т-ру шклавання ўтваральнага палімеру (пры ніжэйшай працэс не адбываецца). Ацвярдзенне палімераў адбываецца пры фармоўцы некаторых вырабаў з пластмасаў, высыханні клеяў і лакаў, зацвярдзенні герметыкаў і кампаўдаў і інш.
т. 2, с. 161
АЦЁК,
агульныя ці мясцовыя праявы парушэння воднага абмену арганізма, калі вада, бялкі і электраліты намнажаюцца па-за клеткамі ці ў серозных поласцях цела. Бывае пры затрымцы натрыю ў арганізме, парушэнні анкатычнага ціску, застоі крыві, запаленні, інтаксікацыі, алергіі і інш. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, дыета з абмежаваннем вадкасці і солі (ці без солі), мачагонныя сродкі.
т. 2, с. 161
АЦЁЛ,
роды ў кароў, буйваліц, аленіх. Наступаюць звычайна ў кароў на 283—285-я сут цельнасці, у буйваліц на 306—307-я, у аленіх на 225-я сут. За 7—10 сут да ацёлу цельных кароў пераводзяць у спец. стойла з добрым подсцілам. У апошнія дні цельнасці вонкавыя палавыя органы жывёлы і тканкі вакол іх ацякаюць, рэзка павялічваецца вымя. За 1—3 сут да ацёлу з похвы выдзяляецца слізь. Плод выганяецца ў выніку моцных скарачэнняў гладкай мускулатуры маткі (схваткі) і мышцаў брушнога прэса (патугі). Выгнанне плода доўжыцца 0,5—1 гадз (бывае да 5—6 гадз). Паследавая стадыя ў норме працягваецца да 6 гадз. Пупавіну, якая не абарвалася сама, абрываюць і змазваюць растворам ёду або апускаюць у раствор крэаліну ці лізолу. Народжанае цяля абціраюць, ачышчаюць ад слізі. Карове даюць цёплую, падсоленую ваду.
т. 2, с. 161
АЦМІ́НАВА,
вёска ў Беларусі, у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пн ад Навагрудка, 200 км ад Гродна, 50 км ад чыг. ст. Наваельня. 530 ж., 191 двор (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 162
АЦТЭ́КІ
(саманазва астэка),
самая вялікая індзейская народнасць Мексікі. 1,07 млн. чал. (1987). Мова — наўатль. У 13 ст. прыйшлі з Пн і пасяліліся ў даліне Мехіка. У 14 ст. стварылі ўласную паліт. структуру, т.зв. горад-дзяржаву Тэначтытлан (сучасны г. Мехіка). У 1428—30 у саюзе з гарадамі-дзяржавамі Тэскока і Тлакапан падпарадкавалі насельніцтва даліны Мехіка, што стала пачаткам стварэння імперыі ацтэкащ, якая ў канцы 15 ст. ўключала цэнтр., усх. і паўд. Мексіку (больш за 500 гарадоў-дзяржаў з нас. 5—6 млн. чал.). У ацтэкаў былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, манум. мастацтва і архітэктура, распрацаваны варыянт іерогліфнага пісьменства, складаная сістэма календара. Найб. вядомы правіцель — кароль Мантэсума II. У 1519—21 ацтэкі заваяваны іспанцамі на чале з Э.Картэсам.
Росквіт мастацтва ацтэкаў прыпадае на 14 — пач. 16 ст. Асн. манум. збудаванні — чатырохгранныя каменныя піраміды з храмам ці палацам на вяршыні. Сцены культавых будынкаў упрыгожвалі рэльефам, размалёўкай, узорыстай муроўкай. Культавая скульптура вызначалася грандыёзнасцю (статуя багіні Каатлікуэ, выш. 2,5 м). Захаваліся помнікі скульптуры 15 ст.: «Камень сонца», т.зв. каляндар ацтэкаў (базальтавы дыск дыяметрам 3,66 м і масай 24 т); выкананыя ў рэаліст. манеры каменныя галовы воінаў («Воін-арол», «Галава мерцвяка», «Смутны індзеец»), невял. каменныя і керамічныя фігуркі рабоў, дзяцей, жывёл. Па-майстэрску рабілі ацтэкі ўпрыгожанні з пер’я, паліхромную кераміку, мазаіку, вазы з абсідыяну, ювелірныя вырабы.
т. 2, с. 162
АЦЫДАФІЛІ́Я
(ад лац. acidus кіслы + ...філія),
схільнасць клетачных структур афарбоўвацца кіслымі фарбавальнікамі (эазінам, кіслым фуксінам, пікрынавай кіслатой і інш.). Выбіральная адсорбцыя кіслых фарбавальнікаў вызначаецца шчолачнымі ўласцівасцямі тканкавых структур. Ацыдафілія разам з базафіліяй выкарыстоўваецца ў гісталагічнай практыцы, паталагічнай анатоміі, гематалогіі, анкалогіі і цыталогіі для адрознівання клетачных структур (напр., пры аналізе клетак крыві).
т. 2, с. 162
АЦЫДАФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
арганізмы, для развіцця якіх неабходна значная кіслотнасць асяроддзя. Да іх належаць воцатнакіслыя і малочнакіслыя бактэрыі, што пашыраны ў кішэчніку пазваночных, у глебе, на раслінах (сфагнум, верас, хвошч, лубін), у малочных прадуктах і інш. Ацыдафільныя бактэрыі маюць практычнае значэнне ў некат. галінах харч. прам-сці (вытв-сць воцату, малочная прам-сць), у кормавытворчасці (сіласаванне кармоў) і інш.
т. 2, с. 162
АЦЫДАФО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ
(ад лац. acidus кіслы + грэч. phobos страх),
арганізмы, якія развіваюцца толькі ў нейтральным і шчолачным асяроддзях. Да іх належаць, напрыклад, урабактэрыі, якія разбураюць мачавіну (добра растуць у шчолачным асяроддзі пры pH 8—9 і зусім не развіваюцца ў асяроддзі з pH ніжэй за 6), і вышэйшыя расліны — буракі, люцэрна, фасоля і інш.
т. 2, с. 162