АЕ́Р
(Acorus),
род шматгадовых травяністых раслін сям. ароннікавых. 2 віды, пашыраныя ва ўмераных і субтрапічных зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі аер звычайны (Acorus calamus; нар. назвы — ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір). Расце на балотах, водмелях рэк, азёр, сажалак, старыц, канаў. Радзіма Усх. Азія; у 13 ст. як лек. расліна завезена ў Польшчу, у 16 ст. яго пачалі разводзіць у Зах. Еўропе. Аер злакавы, або акурус (Acorus gramineus), асабліва пашыраны ў Японіі, на Беларусі вядомы як акварыумная расліна.
Расліны аеру звычайнага выш. 30—120 см маюць характэрны пах. Сцябло прамое, лісце даўж. да 1 м. Карэнішча тоўстае, доўгае, з бародаўчатай паверхняй. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных зялёных катахах даўж. 6—8 см. Плод — маланасенная сухая ягада. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча. Настой з яго ўжываецца для ўзбуджэння апетыту, як танізоўны сродак, прэпараты — пры лячэнні язвавай хваробы, гастрыту. Эфірны алей выкарыстоўваецца ў лікёра-гарэлачнай і кандытарскай вытв-сці, парфумерыі.
т. 1, с. 148