Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АГА́

(цюрк. пан, старэйшы брат),

тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.

т. 1, с. 68

А́ГА

(Bufo marinus),

рапуха атр. бясхвостых. Сустракаецца ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы.

Даўж. цела да 25 см. Па баках галавы вял. калявушныя залозы (паратыды). Мае найб. развітыя сярод земнаводных лёгкія. Актыўная ноччу. Самка адкладвае да 35 тыс. ікрынак. Вельмі пражэрлівая: корміцца насякомымі, малюскамі і інш. дробнымі жывёламі. Разводзяць для знішчэння шкоднікаў на плантацыях цукр. трыснягу. Атрутнымі выдзяленнямі скурных залоз ага змазваюць наканечнікі стрэл.

т. 1, с. 68

АГАБАБЯ́Н Рыгор Гарэгінавіч

(25.6.1911, Гюмры, Арменія — 18.3.1977),

армянскі архітэктар. Засл. дз. маст. Арменіі (1961). У 1950—59 гал. архітэктар Ерэвана. У творчасці абапіраўся на вопыт арм. класічнай архітэктуры, выкарыстоўваў сучасныя канструкцыі. Асн. работы: цэнтр. крыты рынак, Вял. Разданскі мост і аўтавакзал у Ерэване.

т. 1, с. 68

АГАБЕ́КАЎ Уладзімір Янокавіч

(н. 19.1.1940, г. Грозны, Чэчня),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1981), праф. (1987). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1963). З 1963 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. даследаванні па фізіка-хіміі свабоднарадыкальных працэсаў у тонкіх плёнках арган. і высокамалекулярных злучэнняў, стварэнні рэзістыўных і палярызацыйных матэрыялаў для электроннай прам-сці.

Тв.:

Механизм жидкофазного окисления кислородосодержащих соединений. Мн., 1975 (разам з Я.Ц.Дзянісавым, М.І.Міцкевічам).

т. 1, с. 69

АГА́ВА

(Agave),

род шматгадовых раслін сям. агававых. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Больш за 300 відаў. У Еўропу завезена пасля адкрыцця Амерыкі. Некаторыя віды культывуюцца ў адкрытым грунце ў Крыме і на Каўказе. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях як дэкар. вырошчваецца агава нітканосная (агава filifera), агава сціснутая (агава stricta), агава амерыканская (агава americana) і інш.

Сцябло ўкарочанае, з разеткай буйнога мясістага калючага лісця. Цвітуць раз у жыцці на 6—15-м годзе, утвараючы кветанос выш. да 12 м з шматкветнай (да 17 тыс.) мяцёлкай. Потым расліны адміраюць, ад карэнішча адрастаюць парасткі. Каштоўныя: з лісця робяць грубую тканіну, паперу, з соку — напоі, з каранёў — лекі.

т. 1, с. 69

АГАВЕ́,

Агаўэ (Ogowe, Ogooué), рака ў Цэнтральнай Афрыцы (Конга, Габон). Даўж. каля 1200 км, пл. вадазбору 216 тыс. км². Пачынаецца на Паўд.-Гвінейскім узв., упадае ў Атлантычны ак. Парожыстая, у вярхоўі ўтварае вадаспад Пубра. Сярэдні расход вады каля 5 тыс. м³/с. Суднаходная ў ніжнім цячэнні ад вусця да г. Нджоле.

т. 1, с. 69

АГАДЖАНЯ́Н Сцяпан Меліксетавіч

(28.12.1863, г. Шуша, Нагорны Карабах — 13.12.1940),

жывапісец-партрэтыст. Нар. мастак Арменіі (1938). Вучыўся ў маст. студыі ў Марселі (1886—90) і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1897—1900). Выкладаў у Ерэванскім маст. вучылішчы (1922—40). Рэаліст. партрэты Агаджаняна адметныя глыбокім псіхалагізмам, стрыманым каларытам (партрэты бацькі і маці, аўтапартрэт, «Дзядзька Седрак», «Васіл», «Беспрытульнік» і інш.).

т. 1, с. 69

АГАДЖАРЫ́,

газакандэнсатна-нафтавае радовішча ў Іране, за 130 км ад г. Абадан, адно з буйнейшых у свеце. У межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна. Адкрыта ў 1938, распрацоўваецца з 1945. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1283 млн. т, газу 263 млрд. м³. Нафтаносны паверх на глыб. 1240 м, газанафтавы — 1400 м. Шчыльн. нафты 850 кг/м. Дзесяткі фантануючых свідравін. Нафтаправоды ў порт Бендэр-Махшэхр і Абадан.

т. 1, с. 69

АГАДЫ́Р,

горад на ПдЗ Марока. Адм. ц. правінцыі Агадыр. Засн. ў 16 ст. 779 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Порт на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Міжнар. аэрапорт. Буйны рыбапрамысл. цэнтр. Вываз рыбных кансерваў, цытрусаў, ранняй агародніны, рудаў каляровых металаў. Цэм. з-д. Цэнтр турызму і адпачынку. Моцна пацярпеў ад землетрасення ў 1960.

т. 1, с. 69

АГА́ЙО

(Ohio),

рака ў ЗША левы прыток Місісіпі. Даўж. 1580 км, пл. вадазбору 528 тыс. км². Пачынаецца з Апалачскіх гор, перасякае Апалачскае плато і Цэнтр. раўніну. Гал. прытокі: Кентукі, Камберленд, Тэнесі. Сярэднегадавы расход вады каля 8 тыс. м³/с. Шлюзаваная. Суднаходная (парогі каля г. Луісвіл абведзены каналамі). У бас. буйныя ГЭС. На Агайо гарады Пітсбург, Цынцынаты, Луісвіл.

т. 1, с. 69