АГНАСТЫЦЫ́ЗМ
(ад грэч. agnōstos недаступны пазнанню),
філасофскае вучэнне, паводле якога немагчыма пазнанне аб’ектыўнага свету, яго сутнасці і заканамернасці развіцця, дасягненне абсалютнай ісціны; крайняя форма скептыцызму. Роля навукі абмяжоўваецца толькі пазнаннем з’яў. Тэрмін уведзены ў 1863 англ. прыродазнаўцам Т.Гекслі. Ідэі агнастыцызі прасочваліся яшчэ ў ант. філасофіі (Пратагор, сафісты). Найб. паслядоўна агнастыцызм прадстаўлены ў вучэннях Д.Юма і К.Канта. Юм лічыў, што ўсё пазнанне звязана толькі з вопытам і прынцыпова не выходзіць за яго межы, а таму нельга меркаваць пра адносіны паміж вопытам і рэальнасцю. Кант абгрунтоўваў агнастыцызм увядзеннем і размежаваннем паняццяў «рэч у сабе» (недасягальная для пазнання) і «рэч для нас» (у працэсе пазнання якой утвараецца вобраз гэтай рэчы). Пазнаючы вобраз, розум імкнецца пазнаць і «рэч у сабе», але гэта яму не ўдаецца, паколькі ён валодае магчымасцямі толькі для пазнання вобраза рэчы, таму розум канчаткова заблытваецца ва ўзаемна супярэчлівых выказваннях аб прадмеце (антыноміях), якія дапускаюць пераканаўчае лагічнае абгрунтаванне. Агнастыцызм параджаецца абсалютызацыяй, празмерным абасабленнем і проціпастаўленнем тэорыі і практыкі, пазнання і рэчаіснасці, суб’екта і аб’екта пазнання. Разнавіднасцю агнастыцызму з’яўляецца іерогліфаў тэорыя, неапазітывізм, экзістэнцыялізм і інш.
М.В.Анцыповіч.
т. 1, с. 77
АГНА́ТЫ,
група ніжэйшых пазваночных жывёл; гл. Бяссківічныя.
т. 1, с. 77
АГНЁЎ Сяргей Іванавіч
(17.11.1886, Масква — 20.12.1951),
рус. заолаг. Д-р біял. н. (1935), праф. (1930). Засл. дз. нав. Расіі (1947). Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). Заснавальнік маскоўскай школы тэрыёлагаў (даследчыкаў млекакормячых). Вывучаў птушак Белавежскай пушчы. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных кніг. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951.
Тв.:
Звери СССР и прилежащих стран: (Звери Восточной Европы и Северной Азии). Т. 1—7. М.; Л., 1928—50;
Зоология позвоночных. 4 изд. М., 1945;
Очерки экологии млекопитающих. М., 1951.
т. 1, с. 77
АГНЁЎКІ
(Pyralididae),
сямейства дзённых матылёў. У сусв. фауне каля 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць у пустынях, стэпах, лясах, на лугах, некаторыя — на водных раслінах, у прадуктовых складах, збожжасховішчах, млынах. На Беларусі 150 відаў; найб. вядомыя: лугавы і сцябловы (кукурузны) матылькі (пашкоджваюць буракі, каноплі, бабовыя, сланечнік, кукурузу, проса), паўднёвая свірнавая агнёўка (шкодзіць зернебабовым); шышкавая агнёўка (псуе хвою і лісце хваёвых і мяшаных лясоў), млынавая і мучная агнёўкі (пашкоджваюць зерне і харч. прадукты); вял. васковая агнёўка (псуе воск і вашчыну ў вуллях).
Дробныя і сярэдніх памераў: крылы (размах 1—5 см) складаюцца трохвугольнікам ці абгортваюць цела трубачкай. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені жывуць звычайна ўнутры раслін (кормяцца каранямі, парасткамі, пладамі і г.д.) або ў скручаным лісці.
т. 1, с. 77
АГНІ́,
у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі бог агню, хатняга ачага, ахвярнага вогнішча; пасрэднік паміж людзьмі і багамі. У Агні мноства іпастасяў: агонь на небе (сонца, маланка), агонь у водах, агонь ахвярнага вогнішча; ён адначасова і стары і малады.
т. 1, с. 77
АГНІ́ШЧА,
прыстасаванне, дзе ў старажытнасці распальвалі і зберагалі агонь, які служыў чалавеку для абагравання, прыгатавання ежы і абароны ад дзікіх звяроў. Рэшткі першых агнішчаў знойдзены на стаянках пітэкантрапа ва Усх. Афрыцы (больш за 1 млн. г. таму назад) і сінантрапа ў Кітаі (каля 300 тыс. г. назад). На Беларусі найб. старажытныя агнішчы вядомы з эпохі верхняга палеаліту (Бердыж, Юравічы).
т. 1, с. 78
АГНІШЧА́НІН,
першапачаткова малодшы дружыннік стараж.-рус. князя, які кіраваў княжацкай гаспадаркай, дваром, слугамі. У 11—13 ст. старшы дружыннік, «княжой муж», баярын. Аб прывілеяваным становішчы агнішчаніна сведчыць Руская праўда, якая за яго забойства вызначала двайны штраф у 80 грыўняў.
т. 1, с. 78
АГНО́ЗІЯ
(ад а... + грэч. gnōsis пазнанне, распазнаванне),
парушэнне працэсаў распазнавання навакольных прадметаў і з’яў пры захаванні свядомасці і адчувальнасці. Узнікае пры шырокім пашкоджанні пэўных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Адрозніваюць агнозію зрокавую («душэўная слепата»), калі хворы не пазнае знаёмыя прадметы, людзей (агнозія на людзей), але вастрыня зроку захавана, агнозію слыхавую — хворы не здольны распазнаваць гукі, агнозію адчувальную — немагчымасць распазнаваць знаёмыя прадметы на дотык (астэраагноз), агнозію нюхальную і смакавую — парушэнне распазнавання знаёмых прадметаў і рэчаў па іх паху і смаку. У некаторых выпадках хворы не арыентуецца ў частках свайго цела.
т. 1, с. 78
АГНО́Н
(Agnon; сапр. Чачке) Шмуэль Іосеф (17.7.1888, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 17.2.1970),
ізраільскі пісьменнік. Самы значны твор — авантурны раман «Дачка на выданні» (1931). Аўтар псіхал. раманаў «Простая гісторыя» (1935), «Госць на адну ноч» (1938—39), «Зусім нядаўна» (1945), аповесцяў «Госць зайшоў пераначаваць» (1939), «У глыбінях мораў» (1952), зб-каў апавяданняў «Снапы» (1963), «Апавяданні для ўсёдаравання» (1967) і інш. У творах спалучэнне фалькл. сюжэтаў і вобразаў з фантазіяй, іроніі са спачуваннем, рэлігійныя матывы. Нобелеўская прэмія 1966.
т. 1, с. 78