АБ’ЯДНА́НАЯ ЯЎРЭ́ЙСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ
(АЯСРП),
яўрэйская нац. партыя сацыяліст. арыентацыі ў Расіі ў 1917—20. Утворана на аб’яднаным з’ездзе Сацыялістычнай яўрэйскай рабочай партыі і Сіянісцка-сацыялістычнай партыі (ліп. 1917). Зыходная ідэя партыі — стварэнне самастойнага яўр. грамадства ў дыяспары на аснове нац.-паліт. аўтаноміі. Прадугледжвала скліканне экстэрытарыяльных парламентаў (соймаў), якія павінны вырашаць усе пытанні яўр. жыцця ў дыяспары. Канчатковая праграмная мэта — стварэнне ў Палесціне «нацыянальнага ачага» як «асобнага яўрэйскага сацыялістычнага грамадства». Абапіралася на дэмакр. інтэлігенцыю, рамеснікаў і некат. рабочых. Аб’ядноўвала каля 5 тыс. чал. (1917). Кіраўнікі Ш.Ківін, Н.Уфрыхціч, М.Гутман і інш. На Беларусі вяла барацьбу з Бундам за паліт. ўплыў, але паступова эвалюцыяніравала ў яго бок. У 1917—18 супрацоўнічала з Беларускай радай, Беларускай сацыялістычнай грамадой. Удзельнічала ў стварэнні Народнага сакратарыята Беларусі. Падтрымала абвяшчэнне БНР. Ва ўмовах змагання супраць польскіх інтэрвентаў зблізілася з бальшавікамі, і яе члены ўвайшлі ў склад СНК Літ.-Бел. ССР (май 1919). ЦК партыі падтрымаў рэзалюцыю XII канфер. Бунда (Масква, крас. 1920) аб тым, што патрабаванне нац.-культ. аўтаноміі траціць сэнс пры сац. рэвалюцыі. Злілася з Бундам.
М.С.Сташкевіч.
т. 1, с. 55
А́ЯВА
(Iowa),
штат у цэнтральнай частцы ЗША. Пл. 145,75 тыс. км². Нас. 2814 тыс. чал. (1993), гарадскога каля 60%. Адм. цэнтр — Дэ-Мойн. Буйныя гарады Сідар-Рапідс і Давенпарт. Паверхня — узгорыстая раўніна сярэдняй выш. 400—500 м са слядамі зледзянення. Клімат цёплы, умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -10 да -6 °C, ліп. 23 °C, ападкаў 700—890 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Сідар, Аява, Дэ-Мойн і Місуры. Пераважаюць прэрыі з урадлівымі глебамі, пад лесам каля 7% тэрыторыі. Вядучы сектар эканомікі — апрацоўчая прам-сць: вытв-сць с.-г. Машын, халадзільнага абсталявання, электроннай тэхнікі, быт. электрапрылад, аўтапрылад, мінер. угнаенняў, хім. і дрэваапр. прадпрыемствы і інш. Здабыча буд. каменю, цэментнай сыравіны, пяску і жвіру. Аява — адзін з гал. штатаў па вытв-сці с.-г. прадукцыі. Вырошчваюць кукурузу на зерне і сілас, сою, авёс, сеяныя травы. Гадуюць свіней, авечак, хатнюю птушку. Адкорм буйн. раг. жывёлы. Развітая сетка шляхоў зносін. Суднаходства па рэках Місісіпі і Місуры. Турызм.
М.С.Вайтовіч.
т. 2, с. 176
АЯТАЛА́
(перс. Літар. знак Алаха),
вышэйшы тытул шыіцкага мусульм. духавенства. Аўтарытэт аяталы сярод шыіцкіх лідэраў бясспрэчны, а яго прадпісанні абавязковыя для шыіцкай абшчыны і абмеркаванню не падлягаюць. У Іране аятала з’яўляецца духоўным лідэрам і фактычным кіраўніком дзяржавы.
т. 2, с. 176
АЯ́ЧА
(Ajaccio),
горад і порт на в-ве Корсіка (Францыя). Адм. ц. дэпартамента Паўд. Корсіка. Засн. ў 1492. 54 тыс. ж. (1990). Аэрапорт, вузел мясцовых чыгунак. Паромная сувязь з Марселем, Ніццай і Тулонам. Рыбная лоўля. Прыморскі курорт і цэнтр турызму.
т. 2, с. 176