Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́ЎГІЕВЫ СТА́ЙНІ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі вялікія і вельмі забруджаныя стайні цара Эліды Аўгія. Геракл ачысціў Аўгіевы стайні за адзін дзень, пусціўшы ў іх ваду рэк Алфея і Пенея, і гэтым здзейсніў адзін з 12 сваіх подзвігаў. У пераносным сэнсе Аўгіевы стайні — вельмі бруднае месца ці запушчаная работа.

т. 2, с. 82

АЎГІ́Т

(ад грэч. augē бляск),

мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, самы пашыраны з групы піраксенаў (Ca, Na) (Mg, Fe​2+, Fe​3+, Al, Li) [(Si, Al)2O6]. Састаў вельмі зменлівы. Звычайна з прымесямі хрому, марганцу і інш.

Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі кароткапрызматычныя, характэрны двайнікі, агрэгаты пласціністыя, зярністыя. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,2—3,6 г/см³. Вельмі пашыраны пародаўтваральны мінерал, пераважна ў магматычных асноўных (габра, базальты) і ультраасноўных (пірыты, перыдатыты) вывергнутых пародах.

т. 2, с. 82

АЎГРА́БІС

(Aughrabies),

вадаспад у ПАР, на р. Аранжавая, за 500 км ад вусця. Вышыня свабоднага падзення вады 146 м, агульная — 190 м.

т. 2, с. 82

А́ЎГСБУРГ

(Augsburg),

горад у ФРГ, у зямлі Баварыя, у перадгор’ях Альпаў, у сутоках рэк Лех і Вертах (бас. Дуная). 264,8 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел на шляхах да альпійскіх перавалаў. Старажытны цэнтр тэкст., пераважна баваўнянай, прам-сці. Машынабудаванне (авіяцыйныя з-ды Месершміта, выпуск аўтамабіляў, рухавікоў, друкарскіх і канторскіх машын, рэактарнага абсталявання), металаапрацоўка, чыгуна- і сталеліцейная вытв-сць. У ваколіцах ГЭС, прадпрыемствы штучнага валакна, атамнага паліва і інш. Ун-т. Музеі. Абсерваторыя.

Аўгсбург узнік на месцы рым. ваен. лагера (лац. Augusta Vindelicorum, засн. ў 15 да нашай эры), цэнтр рым. правінцыі Рэцыя. Каля 6 ст. засн. Аўгсбургскае епіскапства. У 9—10 ст. набыў статус горада, у 1276 — правы вольнага імперскага горада. У 15—16 ст. адзін з гандл. і фін. цэнтраў Еўропы, важны цэнтр герм. Адраджэння. У Аўгсбургу заключаны Аўгсбургскі рэлігійны мір 1555. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор (11—15 ст), ратуша (пач. 17 ст.), пасёлак рамеснікаў «Фугерай» (16 ст.) і інш.

т. 2, с. 82

А́ЎГСБУРГСКІ РЭЛІГІ́ЙНЫ МІР 1555,

паміж германскімі пратэстанцкімі князямі і імператарам Карлам V. Абвешчаны 25 вер. на рэйхстагу ў Аўгсбургу (адсюль назва). Завяршыў шэраг войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі. Прызнаў раўнапраўе каталікоў і лютэран (не распаўсюджваўся на цвінгліянцаў, кальвіністаў, анабаптыстаў), устанавіў права князёў вызначаць веравызнанне сваіх падданых («чыя краіна, таго і вера»), санкцыянаваў усе царк. пераўтварэнні ў пратэстанцкіх княствах, у тым ліку праведзеную там секулярызацыю царк. уласнасці і інш. Завяршыў распад Германіі на аўт. землі, умацаваў уладу князёў, прывёў да адрачэння ад прастола Карла V, пахаваўшы яго ідэю пра стварэнне сусв. імперыі Габсбургаў.

т. 2, с. 83

А́ЎГУСТ

(Augustus) Гай Актавій (з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),

рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.

т. 2, с. 83

АЎГУСТДО́Р,

залатая манета Рэчы Паспалітай, якая чаканілася пры Аўгусце III у 1753—56, 1758. Адпавядала 5 талерам (каратная проба 23,5, лігатурная маса 5,96 г). Прататыпамі аўгустдора былі пістоль Іспаніі, луідор Францыі, фрыдрыхсдор Прусіі. У 1753—56 чаканіліся таксама фракцыі ў ½ і 2 аўгустдора.

т. 2, с. 83

АЎГУСТО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Знаменкаўскім с/с Лагойскага р-на Мінскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 5 км ад г.п. Лагойск, 55 км ад Мінска, 24 км ад чыг. ст. Смалявічы. 477 ж., 156 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. Абслугоўвання.

т. 2, с. 83

АЎГУСТО́ЎСКІ КАНА́Л,

у Гродзенскім раёне Беларусі і Сувалкаўскім ваяв. Польшчы. Злучае Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Даўж. 102 км, на тэр. Беларусі 22 км. Сярэдняя глыбіня 1,8 м. Утвораны з сістэмы каналаў, азёраў (Нецка, Белае і інш. на тэр. Польшчы), сажалак, каналізаваных участкаў рэк і пратокаў паміж азёрамі. На Беларусі ўключае частку р. Чорная Ганча (даўж. 9 км) паміж в. Лясная і в. Сонічы і асобнае рэчышча (даўж. 6 км), якое злучае гэтую рэчку з Нёманам (каля в. Нямнова). Мае 18 шлюзаў, з іх 4 на тэр. Беларусі. Пабудаваны ў 1824—39 як водны шлях для перавозкі грузаў з бас. Віслы і Нёмана да Балтыйскага м. На б.ч. быў даступны для суднаў водазмяшчэннем да 100 т, часткова выкарыстоўваўся для сплаву лесу. Страціў ролю транспартнага шляху. Помнік гідратэхн. буд-ва. Аб’ект турызму.

т. 2, с. 83

АЎГУСТО́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Польшчы, Рас імперыі і БССР у 19—20 ст. Цэнтр — г. Аўгустаў. Утвораны ў 1807 з Дамброўскага і Бебжанскага пав. у складзе Варшаўскага герцагства. Пл. 1779 кв. вёрст, нас. 81,7 тыс. чал. (1897), з якіх 42,3% палякаў, 32,5% беларусаў, 5,3% рускіх. Падзяляўся на 12 валасцей, меў 1 горад і 3 пасады. У 1815 павет далучаны да Рас. імперыі. У 1837—66 у складзе Аўгустоўскай, з 1866 — Сувалкаўскай губ. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, затым у складзе Беластоцкага ваяв. Польшчы. З 1939 у складзе БССР, у Беластоцкай вобласці. У студз. 1940 павет скасаваны і ўтвораны раёны; у 1945 яго тэр. перададзена Польшчы.

т. 2, с. 84