Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎЦАБЫ́К,

мускусны бык (Ovibos moschatus), жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Трапляецца ў Грэнландыі і на некаторых а-вах Канадскага арктычнага архіпелага. Колькасць невялікая, ахоўваецца. У ледавіковы перыяд жыў на Беларусі.

Даўж. цела да 2,5 м, выш. ў карку да 1,45 м, маса да 300 кг. Поўсць цёмна-бурая, доўгая (да 0,9 м) і густая. Рогі ў самцоў і ў самак, даўж. да 0,73 м. Корміцца лішайнікамі, мохам, травой. Цяжарнасць каля 9 месяцаў. Нараджае 1 цяля раз у 2 гады. Акліматызаваны ў Нарвегіі і на в-ве Шпіцберген, распачата акліматызацыя на в-ве Урангеля і на п-ве Таймыр. У шэрагу краін аўцабыкоў трымаюць на фермах.

т. 2, с. 123

АЎЦЮКІ́,

вадасховішча ў Беларусі, у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці. За 12 км на У ад г. Калінкавічы, каля в. Малыя Аўцюкі. Створана ў 1980 для патрэб сельскай гаспадаркі. Пл. 0,62 км², даўж. каля 1,5 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 4,3 м, аб’ём вады каля 1,9 млн. м³. Дно пясчанае. Наліўное, напаўняецца за кошт сцёку р. Закованка і меліярацыйных каналаў. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2,7 м.

т. 2, с. 124