АЎКСАТРО́ФЫ
[ад грэч. auxō вырошчваю, павялічваю + ...троф(ы)],
арганізмы (часцей мікраарганізмы), якія ў выніку мутацыі страцілі здольнасць сінтэзаваць адно з рэчываў, неабходных для іх росту (амінакіслату, вітамін, азоцістую аснову і інш.). Могуць жыць толькі на тым пажыўным асяроддзі, куды гэтае рэчыва прыўнесена. Аўксатрофы шырока выкарыстоўваюць у генет. і іншых біял. даследаваннях. Гл. таксама Прататрофы.
т. 2, с. 86
АЎКСІ́НЫ,
прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, рэгулятары росту раслін з групы фітагармонаў. Уздзейнічаюць на рост, дзяленне і дыферэнцыяцыю клетак. З прыродных (у асн. вытворныя індолу, фенілвоцатнай кіслаты) найб. пашыраны гетэрааўксін, які сінтэзуецца раслінамі з трыптафану бактэрыямі і грыбамі. Сінт. аналагі аўксінаў стымулююць утварэнне каранёў і чаранкоў, з іх дапамогай атрымліваюць плады без насення, прадухіляюць ападанне лісця.
У малых канцэнтрацыях дзейнічаюць як стымулятары (роставыя рэчывы), у вялікіх — як гербіцыды, дзеянне якіх заснавана на парушэнні абмену рэчываў з наступнай гібеллю раслін. Выкарыстоўваюцца ў раслінаводстве, навук. практыцы.
т. 2, с. 86
АЎКЦЫЁН
[лац. auctio (auctionis)],
пачарговы публічны продаж тавараў, уладальнікам якіх становіцца пакупнік, што прапанаваў за іх самую высокую цану. Праводзяцца ў вызначаных месцах, па ўстаноўленых правілах спец. фірмамі, што працуюць на камісійных пачатках. Адрозніваюць аўкцыёны прымусовыя (паводле рашэння суд. органаў, каб спагнаць даўгі з неплацельшчыка) і добраахвотныя (арганізуюць уладальнікі тавараў для іх продажу). Традыцыйная форма міжнар. гандлю — міжнар. аўкцыён, дзе рэалізуюцца тавары пэўнай наменклатуры (воўна, футра, чай, тытунь, кветкі, коні, прадметы раскошы, антыкварыят, творы мастацтва і інш.). На аўкцыёнах прадаюць таксама канфіскаваную і безгаспадарную маёмасць, якая паводле права на спадчыну пераходзіць ва ўласнасць дзяржавы. На валютных аўкцыёнах ажыццяўляецца купля-продаж валюты праз упаўнаважаныя на гэта банкі.
т. 2, с. 86
АЎКШТА́ЙТЫ,
група балцкіх плямёнаў, якая вылучылася ў 1-м тыс. нашай эры на тэр. Літвы. Упершыню згадваюцца ў Дузбургскай хроніцы ў сувязі з падзеямі 1294—1300. У сярэднявеччы аўкштайтамі наз. паўд.-ўсх. плямёны літоўцаў у адрозненне ад заходніх — жэмайтаў. Цяпер аўкштайты — этнагр. група літоўцаў, якія жывуць пераважна ў паўд.-ўсх. ч. Літоўскай Рэспублікі, гавораць на аўкштайцкім дыялекце літоўскай мовы. Гл. таксама Аўкштайція.
т. 2, с. 86
АЎКШТА́ЙЦІЯ,
гістарычная вобласць у ВКЛ. Упамінаецца ў хроніках Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, у лацінамоўных дакументах ВКЛ з 14 ст. Адрознівалася ад інш. гіст. вобласці Літвы — Жамойці. Аўкштайцію (Аўкштоту) у 1420 упамінае вял. кн. Вітаўт у лісце да герм. імператара. Стараж.-рус. летапісы і дакументы ВКЛ на старабел. мове тэрмін Аўкштайція не ўжывалі, хоць звычайна адрознівалі Жамойць і Літ. зямлю. У Літве 19—20 ст. пад Аўкштайціяй разумелі цэнтр і ўсх. частку сучаснай Літ. рэспублікі, заселеную адной з дзвюх асн. этнагр. груп літоўцаў — аўкштайтамі. Паходжанне назвы звязваюць з літ. словам aukštas (высокі), якое, напэўна, абазначала верхнюю (адносна цячэння Нёмана) усх. групу літ. плямёнаў. Археалагічна Аўкштайція, найб. верагодна, суадносіцца з культурай усходнеліт. курганоў. Частка археолагаў, пачынаючы з А.Таўтавічуса (1968), звязвае Аўкштайцію з групай грунтавых могільнікаў у сярэднім цячэнні Нёмана і вадазборы р. Нявежыс і лічыць аўкштайтаў племем, асобным і ад жамойтаў, і ад літоўцаў у вузкім сэнсе. Падставай для гэтага служыць паведамленне хронікі П.Дузбурга (каля 1294—1300) пра падуладную Літве зямлю Аўстэхія (Austechia), аднак яе атаясамліванне з Аўкштайціяй небясспрэчнае.
В.Л.Насевіч.
т. 2, с. 86