Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎЛАКАГЕ́Н

(ад грэч. aulax баразна + ...ген),

адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцы б. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж. рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб. стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.

т. 2, с. 86

АЎЛАКО́МНІУМ

(Aulacomnium),

род брыевых імхоў сям. аўлакомніевых. Вядома 9 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды. На балотах, забалочаных лугах і лясах расце аўлакомніум балотны (Aulacomnium palustre). Пагаршае якасць лугоў. Торфаўтваральнік. Радзей, пераважна на гнілой драўніне ў вільготных лясах, трапляецца аўлакомніум двухполы (Aulacomnium androgynum).

Аўлакомніум балотны — двухдомная расліна. Утварае зялёныя або жоўта-зялёныя густалямцаватыя дзярнінкі. Сцёблы выш. Да 10—15 см, простыя або галінастыя. Лісце даўж. да 3 мм, падоўжана-ланцэтнае. Каробачка падоўжана-яйцападобная, гарбатая, нахіленая, на жоўта-чырвонай ножцы. Спараносіць летам. Вегетатыўнае размнажэнне лістападобнымі вывадкавымі цельцамі, сабранымі ў шарападобныя галоўкі на доўгіх ножках. У аўлакомніума двухполага вывадкавыя цельцы верацёнападобныя. Г.Ф.Рыкоўскі.

т. 2, с. 86

АЎЛАСЕ́ВІЧ Міхаіл Аляксандравіч

(н. 20.6.1938, в. Станіславова Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1970), праф. (1991). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1989). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1962) і працуе ў ім, з 1994 рэктар. Даследуе праблемы сучасных бел. і рус. літ. моў: «Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове» (1970), «Марфемны склад слова і словаўтварэнне» (2-е выд., 1991) і інш.

т. 2, с. 86