АБ’ЯДНА́НАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ
(АДПБ),
партыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Утворана ў 1990. Кіруючыя органы — рада і выканаўчы к-т. Мэта дзейнасці АДПБ — стварэнне грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, заснаваных на прыярытэце агульначалавечых каштоўнасцяў, плюралізме ва ўсіх галінах грамадскага развіцця. Выступае з пазіцый развіцця прыватнай уласнасці і рыначных адносін у эканоміцы, станаўлення незалежнай дзяржавы Беларусь, падтрымлівае сувязі і супрацоўнічае з усімі грамадска-паліт. арг-цыямі, партыямі і рухамі некамуніст. арыентацыі незалежных дзяржаў СНД і краін Еўропы.
т. 1, с. 55
А́ДА
(Adda),
рака на Пн Італіі, левы прыток р. По. Даўж. 313 км, пл. бас. 8 тыс. км². Пачынаецца ў Альпах з воз. Канкана.
У вярхоўі цячэ па даліне Вальтэліна, цераз воз. Кома, перасякае перадгор’і Ламбардскіх Перадальпаў, у ніжнім цячэнні — па Паданскай раўніне. Паводкі вясной, летам і восенню. Сярэдні расход вады каля 250 м³/с. ГЭС. Злучана каналам з г. Мілан.
т. 1, с. 90
АДА́Д, Аду,
у шумера-акадскай міфалогіі бог грому, навальніцы, ветру. Увасабляе і згубныя і пладаносныя сілы прыроды. Маляваўся з молатам у адной руцэ і пуком маланак у другой. Эмблемай Адада звычайна быў двухзубец ці трызубец маланкі. У іканаграфіі з вобразам Адада звязваецца бык як сімвал урадлівасці і неўтаймоўнасці.
т. 1, с. 90
АДА́ЖЫО (італьян. adagio літар. спакойна, павольна). У музыцы: 1) павольны тэмп; 2) назва п’есы або часткі (звычайна 2-й) цыклічнага твора ў тэмпе адажыо. У балеце: 1) павольная сольная або дуэтная кампазіцыя; 2) асн. частка складаных танц. формаў (па-дэдэ, гран па і інш.); 3) комплекс рухаў каля станка і на сярэдзіне залы, які выпрацоўвае ўстойлівасць, уменне спалучаць рухі ног, рук, корпуса.
т. 1, с. 90
АДА́Й-ХОХ,
вяршыня Гал. хрыбта Вял. Каўказа на Пд ад Цэйскага ледавіка, у Паўн. Асеціі. Выш. 4408 м.
т. 1, с. 90
АДАЛЕСКА́РЫЙ
(ад лац. adolesco падрастаю),
лічынкавая стадыя некаторых паразітных трэматод. Развіваецца ў навакольным асяроддзі з цэркарыя, выдзеленага прамежкавымі гаспадарамі (малюскамі). З вадой ці кормам трапляе ў арганізм канчатковага гаспадара (пазваночныя жывёлы, чалавек), дзе развіваецца ў палаваспелую трэматоду. Стадыя адалескарыя ўласціва, напр., цыклу развіцця пячоначнай двухвусткі — узбуджальніка фасцыялёзу.
т. 1, с. 90
АДА́М
(стараж.-яўр. чалавек),
у Бібліі і Каране першы чалавек, прабацька ўсіх людзей, якога стварыў Бог па сваім падабенстве і пасяліў з Евай у раі, адкуль яны былі выгнаны за грэхападзенне. Паводле падання, пражыў 930 гадоў і быў пахаваны на Галгофе на тым месцы, дзе пазней быў распяты на крыжы Ісус Хрыстос.
т. 1, с. 90
А́ДАМ (Adam) Роберт
(3.7.1728, г. Керколды, Вялікабрытанія — 3.3.1792),
англ. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Разам з братам Джэймсам праектаваў рацыянальныя па планіроўцы сядзібныя дамы (Кенвуд-хаўс у Лондане, 1767—69), грамадскія будынкі (ун-т у Эдынбургу, 1789—91), гар. кварталы (Адэльфі ў Лондане, 1768—72) і інш. Выкарыстоўваў строгія класічныя формы, вытанчаны дэкор, надаваў вял. значэнне афармленню інтэр’ера, мэблі.
т. 1, с. 90
АДА́М (Адамус) Рэйнальд
(1602, зямля Рэйнланд-Пфальц, Германія — ?),
кальвінісцкі тэолаг, педагог у ВКЛ. Адукацыю атрымаў у Лейдэнскім ун-це (Нідэрланды). Выкладаў у Слуцкай школе. Адзін з аўтараў выдадзеных у Любчы статута, праграмы і раскладу заняткаў для гэтай школы (1628), аўтар дапаможнікаў па рыторыцы і гісторыі (1629). У кнігах Адама ёсць звесткі аб прыродзе і жыхарах Беларусі. З 1642 працаваў на Беларусі інспектарам школ і бібліятэкарам.
т. 1, с. 90