Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДО́ЕЎСКІ Аляксандр Іванавіч

(8.12.1802, Санкт-Пецярбург — 27.8.1839),

рускі паэт-дзекабрыст. За ўдзел у паўстанні 1825 асуджаны на катаргу. Аўтар элегій, гіст. паэмы «Васілька» (1829—30), вершаў «У Сібір», «Трызна», «Вешчых струн палымяныя гукі» і інш. Паэтызаваў рэв. подзвіг, грамадз. мужнасць, ідэі свабоды, любові да радзімы, асуджаў тыранію.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений и писем. М.; Л., 1934;

Стихотворения. М., 1982.

т. 1, с. 125

АДО́ЕЎСКІ Уладзімір Фёдаравіч

(11.8.1803 ці 1804, Масква — 11.3.1869),

рус. пісьменнік, філосаф, муз. і літ. крытык, заснавальнік рус. класічнага музыказнаўства. Старшыня «Таварыства любамудрыя» (1823—25). Аўтар фантаст. апавяданняў «Розныя казкі з трапным слоўцам, сабраныя Ірынеем Мадэставічам Гамазейкам» (1833), «Жывы мярцвяк» (1844), сатыр. свецкіх («Княжна Мімі», 1834; «Княжна Зізі», 1839) і містыка-фантаст. («Сільфіда», 1837; «Космарама», «Саламандра», абедзве 1840; «Шалёныя», 1842) аповесцяў, артыкулаў і эсэістычных нататкаў пра А.Пушкіна і М.Гогаля. Духоўную атмасферу 1830-х г. перадаў у рамане «Рускія ночы» (1844, 2-я рэд. 1862, апубл. 1913), які спалучае філас. дыялогі, апавяданні-прытчы, навелы. Распрацоўваў муз.-тэарэт. і эстэт. праблемы, даследаваў нар. песню, старарус. музыку. Аўтар біягр. апавяданняў і муз.-крытычных эсэ.

Тв.:

Соч. Т. 1—2, М., 1981;

Музыкально-литературное наследие. М., 1956.

т. 1, с. 125

АДО́ЕЎЦАВА Ірына Уладзіміраўна

(сапр. Іванова Іраіда Густаваўна; 4.8.1895, Санкт-Пецярбург — 15.10.1990),

рус. пісьменніца. У 1922—87 у эміграцыі. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Двор цудаў» (1922), «Кантрапункт» (1950), «Залаты ланцуг» (1970) і інш.; аповесцяў і раманаў, у т. л. «Пакінь надзею назаўсёды» (1954) пра жыццё ў СССР у 1930-я г. Апублікавала кн. ўспамінаў «На берагах Нявы» (1967), «На берагах Сены» (1978—81, абедзве выд. ў СССР, 1988). Адметныя рысы творчай манеры — яснасць, класічная прастата і дакладнасць, у ёй выразна адчуваецца літ. школа акмеізму.

т. 1, с. 125

АДО́КСА

(Adoxa),

род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (адокса moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.

Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.

т. 1, с. 125

АДО́ЛЬСКАЯ

(Адамовіч) Мар’яна (1767?, Паставы — ?),

танцоўшчыца. Прыгонная А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне (у Г.Петынеці) і Паставах (у Ле Ду). У 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Петынеці, выступала ў балеце «Шлюб самнітаў» (1783) і інш. на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. Пасля смерці Тызенгаўза (1785) перададзена каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і ўвайшла як другая салістка ў трупу «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці». У 1789 пакінула сцэну.

Г.І.Барышаў.

т. 1, с. 126

АДО́НІС,

грэчаская назва фінікійска-сірыйскага бога расліннасці і ўрадлівасці. У міфалогіі Грэцыі Адоніс — каханы Афрадыты. Паводле міфаў, памёр ад раны, але ўваскрэс і ўзнёсся на неба. Культ Адоніса вядомы з 2-га тыс. да н.э., паўплываў на ўзнікненне міфа пра ўваскрэсенне і ўзнясенне Ісуса Хрыста. Да міфа аб Адонісе звярталіся ў л-ры Авідзій, Лопэ дэ Вэга, У.Шэкспір, у жывапісе — Тыцыян, Рубенс, Пусэн і інш.

т. 1, с. 126

АДО́НІС,

малая планета. Адкрыта Э.Дэльпортам (Бельгіі, 1936). Абарачаецца вакол Сонца па выцягнутай эліптычнай арбіце з перыядам 2,76 г. Папярочнік Адоніса каля 1 км; адлегласць ад Сонца 0,44—3,50 а.а. Найменшая адлегласць ад Зямлі каля 2 млн. км.

т. 1, с. 126

АДО́НІС

(Adonis),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. казяльцовых. Больш за 20 відаў, пашыраных у стэпавых і лесастэпавых зонах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі ў 1960-я г. Як дэкар. расліны інтрадукаваны 2 віды: адоніс вясновы, або гарыцвет (adonis vernalis), і адоніс палымяны (adonis flammea).

Сцябло прамое або слабагалінастае выш. ад 5 да 40 (зрэдку да 70) см. Лісце рассечана на вузкія сегменты. Кветкі буйныя, адзіночныя, залаціста-жоўтыя або чырвоныя. Плады — авальныя шматарэшкі з прамым або кручкападобным носікам. Выкарыстоўваюць для групавых пасадак і бардзюраў. Прэпараты з адонісу вясновага ўжываюцца пры сардэчнай недастатковасці, неўрозах.

т. 1, с. 126

АДО́РАНАСЦЬ,

індывідуальная своеасаблівасць задаткаў чалавека, якая забяспечвае патэнцыяльныя магчымасці і дазваляе дасягнуць значных поспехаў у пэўнай галіне дзейнасці. Залежыць ад біялагічна вызначаных прычын (уласцівасцяў мозга, нервовай сістэмы і інш.). Высокая ступень спецыяльнай адоранасці — талент. Тэрмінам «агульная адоранасць» вызначаюць адоранасць інтэлектуальную — праяўленне здольнасцей у рознай сферы дзейнасці. Звычайна адоранасць праяўляецца на ранніх этапах узроставага развіцця, у т. л. і праз якасці характару, асаблівасці сну, актыўнасці. Рэалізацыя адоранасці залежыць: ад адпаведных абставін жыцця, спец. навучання і выхавання; запатрабавання з боку грамадства; самарэалізацыі (самавыхавання) асобы.

Літ.:

Лейтес Е.С. Способности и одарённость в детские годы. М., 1984;

Одарённые дети: Пер. с англ. М., 1991;

Леви В. Нестандартный ребёнок. 3 изд. Хабаровск, 1990.

Т.У.Васілец.

т. 1, с. 126

АДО́РНА

(Adorno) Тэадор (11.9.1903, г. Франкфурт-на-Майне — 6.8.1969),

нямецкі філосаф, сацыёлаг, музыказнавец. Прадстаўнік франкфурцкай школы. Пасля 1933 у эміграцыі (Англія, ЗША). З 1949 у Франкфурце-на-Майне: праф. ун-та, з 1953 кіраўнік Ін-та сац. даследаванняў. Погляды Адорна склаліся на перакрыжаванні ням. неагегельянства і авангардысцкай крытыкі культуры. Паводле яго філасофіі эвалюцыя чалавецтва — гэта гісторыя «няўдалай цывілізацыі», гісторыя «індывідуалізацыі» чалавека, тоеснай пастаяннаму паглыбленню яго «адчужэння». У духу гэтых ідэй Адорна рабіў сац.-філас. аналіз музыкі. Асн. працы: «Дыялектыка асветы» (1947, з М.Хоркхаймерам), «Філасофія новай музыкі» (1949), «Аўтарытарная асоба» (1950, у сааўт.), «Прызмы. Крытыка культуры і грамадства» (1955), «Негатыўная дыялектыка» (1966) і інш.

т. 1, с. 126