АДО́КСА

(Adoxa),

род шматгадовых травяністых раслін сям. адоксавых. Некалькі відаў (раней род лічыўся манатыпным). Растуць ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я, у гарах да альпійскага пояса. Найб. вядома адокса мускусная, або мускусніца мускусная (адокса moschatellina), сустракаецца па ўсёй тэр. Беларусі ў шыракалістых і мяшаных лясах, на схілах, у старых парках. Рэлікт даледавіковага часу.

Выш. 5—15 см. Карэнішча кароткае, паўзучае, белаватае. Лісце са слабым мускусным пахам (адсюль назва). Цвіце вясной адна з першых. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя або зеленавата-белыя. Плод — зялёная касцянка з 1—5 костачкамі. Карані (збіраюць увосень) выкарыстоўваюць як антысептычны і гаючы сродак.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)