АДПАВЕ́ДНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,
агульнаметадалагічны прынцып развіцця навукі, які патрабуе, каб кожная новая тэорыя, што прэтэндуе на больш глыбокае апісанне аб’ектыўнай рэальнасці на больш шырокую вобласць прымянення, чым старая, уключала апошнюю як свой асобны гранічны выпадак. Адлюстроўвае дыялектыку працэсу пазнання, пераходу ад менш поўнай да больш поўнай ісціны і пры гэтым змена адной прыродазнаўча-навук. тэорыі другой выяўляе не толькі розніцу, але і сувязь, пераемнасць паміж імі, якая можа быць выражана з матэм. дакладнасцю. Адпаведнасці прынцып сфармуляваны Н.Борам пры стварэнні першапачатковай квантавай тэорыі атама і яго спектраў (1913). Паводле адноснасці прынцыпу фіз. вынікі квантавай механікі ў гранічным выпадку вял. квантавых лікаў супадаюць з вынікамі класічнай тэорыі; квантава-мех. апісанне фіз. аб’ектаў павінна пераходзіць у класічнае пры h → 0 (h — Планка пастаянная); хвалевая оптыка — у геам. пры λ → 0, дзе λ — даўжыня хвалі; законы рэлятывісцкай механікі — у законы класічнай пры скарасцях руху v << c, дзе c — скорасць святла ў вакууме.
Л.М.Тамільчык.
т. 1, с. 126
АДПА́Л,
1) тэрмічная апрацоўка металаў і сплаваў, якая ўключае награванне металаў ці сплаваў да пэўнай т-ры, вытрымку, павольнае (бесперапыннае ці ступеньчатае) ахаладжэнне і паляпшае іх якасць пры далейшай апрацоўцы і эксплуатацыі. Пры абпале адбываюцца працэсы адпачыну металу, гомагенізацыі, рэкрышталізацыі, рэлаксацыі, перыкрышталізацыі, графітызацыі, сфераідызацыі, якія прыводзяць да паляпшэння структуры, аднароднасці, фіз.-мех. і эл.-магн. уласцівасцяў, зняцця ўнутраных напружанняў, прыдання мяккасці і пластычнасці металам і сплавам. Адпал павялічвае вязкасць матэрыялаў.
2) Тэрмічная апрацоўка шкла пры t 400—600 °C у спец. печах для зняцця ўнутраных напружанняў (гл. ў арт. Шкло).
т. 1, с. 127
АДПАЧЫ́Н МЕТА́ЛАЎ,
працэс частковага аднаўлення структуры і фіз.-хім. уласцівасцяў дэфармаваных ці радыяцыйна апрамененых металаў і сплаваў. Адбываецца пры награванні да т-ры рэкрышталізацыі без змены мікраструктуры. Жалезныя вырабы награваюць да t 250—300 °C, легкаплаўкія металы і сплавы (напр., свінец) вытрымліваюць пры пакаёвай т-ры. Адпачын металаў ліквідуе скажэнні крышталічнай рашоткі, суправаджаецца зніжэннем эл. супраціўлення, скорасці растварэння ў кіслотах і межаў цякучасці металаў і сплаваў. Выкарыстоўваецца для павышэння пластычнасці канструкцыйных матэрыялаў без паніжэння іх трываласці.
т. 1, с. 127