Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДЭКАЛО́Н

(ад франц. eau de Cologne літар, кёльнская вада),

парфумерны спіртаводны раствор пахучых рэчываў. Упершыню састаўлены на аснове цытрусавых алеяў: апельсінавага, мандарынавага, лімоннага і бергамотавага (1720-я г.). Гл. таксама Духі.

т. 1, с. 144

АДЭКВА́ТНАЕ

(ад лац. adaequatus роўны, прыраўнаваны),

адпаведнае, тоеснае, эквівалентнае. У тэорыі пазнання адэкватнага лічацца вобраз, веды, якія адпавядаюць свайму арыгіналу і таму з’яўляюцца дакладнымі, маюць характар аб’ектыўных ісцін. Пытанне пра ступень адэкватнасці (дакладнасці), глыбіню і паўнату адлюстравання аб’екта звязана з праблемай суадносін адноснай і абсалютнай ісцін і крытэрыю ісціннасці ведаў.

т. 1, с. 144

АДЭЛАІ́ДА

(Adelaide),

горад на Пд Аўстраліі. Адм. ц. штата Паўд. Аўстралія. Знаходзіцца на ўзгорыстых берагах заліва Сент-Вінсент каля падножжа хр. Маўнт-Лофты. Засн. ў 1836. Больш за 1 млн. ж. (1993). Порт па вывазе с.-г. і харч. тавараў (пшаніца, воўна, віно і інш.). Вузел чыгунак і аўтадарог.

Буйны прамысл. цэнтр: аўтабудаванне, хім., электратэхн., электронная, металаапр. (у т. л. дакладная механіка), нафтаперапр. прам-сць. Цэнтр мукамольнай, вінаробнай, кансервавай, тэкст., швейнай, абутковай прам-сці. Вытв-сць спажывецкіх тавараў. Ун-т.

т. 1, с. 144

АДЭ́ЛІ ЗЯМЛЯ́

(Terre Adélie),

частка тэрыторыі Усх. Антарктыды паміж 136° і 142° усх. даўгаты, абмываецца на Пн морам Дзюрвіля. Ледавіковае покрыва таўшчынёй да 2000 м, каля берага трапляюцца ўчасткі, свабодныя ад лёду. Клімат суровы, з перавагай штармавых вятроў. Адкрыта ў 1840 франц. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Ж.Дзюмон-Дзюрвіля, названа ў гонар яго жонкі. З 1956 паблізу берага Адэлі зямлі (на в-ве Пятрэль) працуе франц. навук. станцыя «Дзюмон-Дзюрвіль».

т. 1, с. 144

АДЭЛЬСБЕ́РГ

(Adelsberg),

карставая пячора ў Славеніі каля г. Постайна; гл. Пастойнска-Яма.

т. 1, с. 144

АДЭ́ЛЬСК,

вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і калгаса «Пагранічны». За 24 км на Пд ад Гродна, 9 км ад шашы Гродна—Ваўкавыск. 837 ж., 283 двары (1994).

Вядома як мястэчка з 15 ст. З 1690 вёска ў Трокскім ваяв., належала Гродзенскай эканоміі. З 1808 заштатны горад Саколкаўскага пав. Гродзенскай губ. Жыхары займаліся вырабам тканін, сельскай гаспадаркай, гандлем. У 1897 у Адэльску 1462 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска. З 1939 у БССР, з 1940 у Гродзенскім р-не.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Касцёл Ушэсця — помнік нар. дойлідства (1-я пал. 18 ст.).

т. 1, с. 144

АДЭ́ЛЬСКІ Эмануіл Хацкелевіч

(4.1.1891, Кіеў — 22.5.1982),

бел. вучоны ў галіне цеплагазазабеспячэння і вентыляцыі. Д-р тэхн. н. (1950), праф. (1950). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1916). У 1929—76 у БПІ. Навук. працы па пытаннях гідрамеханікі патокаў, цепла- і масаабмену, разліку трубаправодаў.

Тв.:

Газоснабжение. 2 изд. Мн., 1966;

Гидравлический расчёт трубопроводов разного назначения. 2 изд. Мн., 1967.

т. 1, с. 145

АДЭ́ЛЯ З УСТРО́НІ,

бел. паэтэса сярэдзіны 19 ст. Жыла ў фальварку Устронь Лідскага пав. У 1850 нап. бел. паэму «Мачаха» (апубл. 1993, рукапіс у б-цы Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У творы адчуваецца ўплыў рамантызму, творча выкарыстаны нар.-песенныя матывы. «Мачаха» прасякнута любоўю да Наднёманскага краю, вызв.-патрыят. настроямі. Аўтар спачувае абяздоленай сіротцы, шчасцю якой перашкаджае злая мачаха. Сярод дзеючых асоб персаніфікаваныя сілы прыроды: злая бура, наднёманскі лес, «літоўчык»-Нёман, які абараняе смелага юнака-плыўца. Пісала вершы і на польск. мове.

А.В.Мальдзіс.

т. 1, с. 145

А́ДЭН,

горад у Йемене, адм. ц. мухафазы Адэн на Пд Аравійскага п-ва. 417 тыс. ж. (1987). Транзітны порт у Адэнскім зал. Аравійскага м. Міжнародны аэрапорт. Гал. прамысл. і гандл. цэнтр краіны. Нафтаперапрацоўка; тэкст., харч., металаапр., суднарамонтныя прадпрыемствы, вытв-сць будматэрыялаў. Гандаль нафтай і нафтапрадуктамі, рыбай, прадуктамі сельскай гаспадаркі (збожжа, бавоўна, тытунь, скуры).

Вядомы пад назвай Адана, ці Асана, са стараж. часоў. Уваходзіў у склад паўд.-аравійскіх і йеменскіх дзяржаў, у асобныя перыяды быў цэнтрам незалежных княстваў. У 16—18 ст. пад уладай йеменскіх імамаў і тур. пашоў. З 1839 англ. ваен.-марская база. У 1967—90 сталіца Нар. Дэмакр. Рэспублікі Йемен.

т. 1, с. 145

А́ДЭН,

каланіяльнае ўладанне Вялікабрытаніі на Пд Аравійскага п-ва ў 1839—1967; гл. Йемен.

т. 1, с. 145