Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДБЕ́ЛЬВАННЕ,

бяленне, тэхналагічны працэс выдалення дамешкаў і знішчэння непажаданай натуральнай афарбоўкі матэрыялаў (натуральных і штучных валокнаў, паперы, воску, скуры, футра, пластычных мас і інш.) для надання ім белага колеру ці перад фарбаваннем. Хімічнае адбельванне ўключае папярэднюю апрацоўку матэрыялу хлорамінам, слабымі растворамі кіслот і шчолачаў або ферментатыўнымі прэпаратамі і наступнае ўздзеянне акісляльнікаў (гіпахларыту натрыю ці кальцыю, пераксіду вадароду, хларыту натрыю, перманганату калію) ці аднаўляльнікаў (сярністага газу, гідрасульфіту ці бісульфіту натрыю). Аптычнае адбельванне заснавана на дзеянні бясколерных флуарэсцыруючых арган. рэчываў — белафораў (вытворных стыльбену, аксазолу, імідазолу), якія ператвараюць УФ-выпрамяненне дзённага (сонечнага) святла ў сіне-фіялетавы колер бачнага святла і такім чынам кампенсуюць паглынанне святла забруджваннямі. Матэрыялы пры гэтым набываюць высокую ступень белізны, фарбаваныя — яркасць і кантрастнасць. Фатаграфічнае адбельванне — прамежкавая стадыя апрацоўкі каляровых і чорна-белых кіна- і фатаграфічных матэрыялаў, у выніку якой адбываецца акісленне метал. серабра відарыса акісляльнікамі (чырв. крывяная соль, біхрамат калію і інш.) у злучэнні белага колеру, што выдаляюцца пры далейшай апрацоўцы.

т. 1, с. 96

АДБЕ́ЛЬНЫЯ ГЛІ́НЫ,

гліністыя горныя пароды з рэзка выражанымі ўласцівасцямі адсорбцыі. У мінулым шырока выкарыстоўваліся для адбельвання сукна (адсюль назва). Ачышчаюць розныя рэчывы (пераважна вадкасці) ад пігментаў, муці, смолаў, слізі і інш. прымесяў. Складаюцца ў асноўным з мантамарыланіту, сапаніту і інш. мінералаў. Трапляюцца пераважна ў адкладах мелавога, палеагенавага і неагенавага перыядаў, у месцах вулканічнай актыўнасці. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы нафты і нафтапрадуктаў, алею, тлушчаў, сокаў, воцату, вінаў і інш. Як адсарбенты прыдатныя актывізаваныя стужкавыя гліны, якімі багатыя Віцебскі, Полацкі, Петрыкаўскі р-ны Беларусі.

т. 1, с. 96

АДБІВА́ЛЬНАЯ ПЕЧ,

полымная плавільная печ, у якой цеплыня перадаецца матэрыялу ад газападобных прадуктаў згарання паліва і выпрамянення ўнутранай паверхні гарачай вогнетрывалай абмуроўкі.

У бесперапынных адбівальных печах загрузка шыхты і выгрузка гатовых прадуктаў плаўкі ідуць на працягу ўсяго працэсу работы печы (напр., у вытв-сці шкла, пры рафінаванні свінцу). У садачных адбівальных печах шыхта загружаецца перыядычна, па заканчэнні працэсу ўся плаўка выгружаецца з печы (напр., выплаўка сталі ў мартэнаўскіх печах). Выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, вытв-сці шкла і інш.

т. 1, с. 97

АДБІ́ТАК,

адлюстраванне тэксту, графічнай інфармацыі на паперы, кардоне і інш. матэрыяле, атрыманае з друкарскай формы. Адрозніваюць адбіткі пробныя (для кантролю якасці) і тыражныя (прадукцыя, якая атрымліваецца з друкарскай машыны). Параўн. копія.

т. 1, с. 97

АДБІ́ТКІ раслін і жывёл,

выкапнёвыя сляды існавання раслін і жывёл у слаях асадкавых парод, від акамянеласцяў. Звычайна ў выкапнёвым стане захоўваюцца адбіткі лісця, ствалоў, пладоў і інш. частак раслін, шкілетаў, панцыраў, радзей цэлых жывёлін. Утварыліся з рэшткаў пахаваных у асадках вадаёмаў і мінер. крыніц, дзюнных пясках, вулканічных туфах і магмах, каменным вугалі.

Бываюць афарбаваныя вокісламі жалеза або марганцу, часам пакрыты вуглістай, крамянёвай або жалезістай плёнкай. На Беларусі адбіткі раслін трапляюцца ў адкладах усіх раздзелаў фанеразою ў выглядзе адбіткаў лісця, пустот ад драўніны, шышак, пладоў, злепкаў дзеразападобных, членістасцябловых, папарацепадобных, рызоідаў, стыгмарыяў, адбіткі жывёл — у адкладах ад ардовіку да галацэну; трылабіты, губкі, каралы, ракападобныя, астракоды, малюскі, імшанкі, рыбы і інш. жывёлы. Адбіткі раслін даследуе палеабатаніка, адбіткі жывёл — палеазаалогія.

Да арт. Адбіткі раслін і жывёл: 1 — адбітак папараці з ніжняга мелу; 2 — маладыя і дарослыя трылабіты з кембрыйскіх адкладаў Сібіры.

т. 1, с. 97

АДБІЦЦЁ СВЯТЛА́,

частковае ці поўнае вяртанне ў першае асяроддзе светлавога патоку, які падае на мяжу двух асяроддзяў з рознымі паказчыкамі пераламлення. Адбівальная здольнасць цела залежыць ад аптычных уласцівасцяў сумежных рэчываў, даўж. хвалі λ святла, якое падае, і якасці адбівальнай паверхні.

Калі няроўнасці паверхні падзелу меншыя за λ, наглядаецца люстраное адбіццё святла. Пры гэтым выконваюцца 2 законы адбіцця святла: адбіты прамень S′ ляжыць у адной плоскасці з праменем S, што падае, і перпендыкулярам ON да адбівальнай паверхні ў пункце падзення; вугал адбіцця Z′ роўны вуглу падзення α (рыс. 1). Калі няроўнасці адбівальнай паверхні большыя за λ, святло адбіваецца па ўсіх напрамках у межах паўсферы — дыфузнае адбіццё (рыс. 2). У 1954 Ф.І.Фёдаравым адкрыта з’ява перпендыкулярнага да плоскасці падзення зруху адбітага пучка святла (гл. Фёдарава зрух). Асобны выпадак адбіцця святла — поўнае ўнутранае адбіццё. Памяншэнне адбіцця святла дасягаецца прасвятленнем оптыкі; для павелічэння адбіцця на люстраныя паверхні наносяць метал. дыэлектрычныя пакрыцці. Гл. таксама Пераламленне святла.

Адбіццё святла: 1 — люстраное; 2 — дыфузнае.

т. 1, с. 97

АДБІЦЦЁ ХВА́ЛЯЎ,

перавыпрамяненне хваляў перашкодамі са зменай напрамку іх распаўсюджвання. Адбываецца на непразрыстых целах, у якіх хвалі такой прыроды не распаўсюджваюцца, і неаднароднасцях асяроддзяў. Звычайна на мяжы падзелу асяроддзяў з рознымі ўласцівасцямі разам з адбіццём хваляў адбываецца і пераламленне хваляў. Інтэнсіўнасць адбітай хвалі характарызуецца каэфіцыентам адбіцця, які залежыць ад прыроды хваляў і іх палярызацыі, уласцівасцяў асяроддзяў, вугла падзення і роўны адносіне патокаў энергіі адбітай хвалі і той, што падае. Пры люстраным адбіцці хваляў на плоскіх межах падзелу выконваюцца законы, якія супадаюць з законамі адбіцця святла.

т. 1, с. 97

АДБО́ЙНІК,

каменная прылада, з дапамогай якой у старажытнасці расколвалі крэмень, счэсвалі з яго жаўлаковую скарынку, рабілі нуклеусы, адбівалі адшчэпы. У палеаліце як адбойнік выкарыстоўвалі рачную гальку ці жаўлакі крэменю. У неаліце паявіліся адбойнікі з дзяржаннем, зробленым аббіваннем крамянёвага жаўлака.

т. 1, с. 97

АДБО́ЙНЫ МАЛАТО́К,

ручны інструмент ударнага дзеяння, якім адбіваюць горныя пароды ад масіву, рыхляць цвёрдыя і мёрзлыя грунты, разбіваюць каменную або цагляную муроўку, асфальт і г.д. Рабочы орган — піка, долата або рыдлёўка, па хваставой частцы якіх (звычайна з частатой 1000—1500 удараў за мінуту) б’е баёк. Бываюць пнеўматычныя (сціснутае паветра падаецца ад кампрэсараў, балонаў і інш.), электрычныя і бензінавыя (з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання).

т. 1, с. 97

АДБО́Р у біялогіі,

працэс дыферэнцыраванага ўзнаўлення генатыпаў у папуляцыі; вядучы фактар эвалюцыі. Дзейнічае на фоне генатыпічнай зменлівасці. Адрозніваюць адбор у прыродзе — натуральны адбор і адбор, які праводзіцца чалавекам, — штучны адбор.

т. 1, с. 97