Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДМАЎЛЕ́ННЕ,

элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл. Нігілізм).

Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.

Ю.А.Харын.

т. 1, с. 113

АДМАЎЛЕ́ННЕ АДМАЎЛЕ́ННЯ,

адзін з асн. законаў дыялектыкі, які характарызуе агульную структуру развіцця як неабходнасць паступальнага працэсу з момантамі адноснай паўтаральнасці і цыклічнасці (зняцце, паўторнае адмаўленне, узаемапераход процілегласцяў, вяртанне да нібыта старога і інш.). Упершыню сфармуляваны Гегелем. Паводле яго вучэння, цыклічнасць развіцця мае форму руху ад зыходнага стану аб’екта праз яго адмаўленне да ліквідавання самога гэтага адмаўлення. Так, катэгорыя якасці (непасрэдная, унутраная пэўнасць рэчы) адмаўляецца колькасцю (апасродкаваная, знешняя пэўнасць), а колькасць «здымаецца» ў катэгорыі меры (якаснай колькасці, ці колькаснай якасці). Гегель надаваў трыядзе (зыходны момант — адмаўленне — адмаўленне адмаўлення) асаблівае значэнне як спосабу руху лагічных паняццяў. Разам з тым ён трактаваў яе толькі як знешні бок пазнання. Таму няма ніякіх падстаў атаясамліваць дыялектычнае паняцце развіцця ўвогуле з трыядамі. Пошукі трыяды як існуючых асобных ступеняў адзінага працэсу ў многіх выпадках вядуць да грубай схематызацыі рэальнай рэчаіснасці. У тым ці іншым сваім выглядзе адмаўленне ранейшых формаў існавання — неабходная ўмова развіцця ў любой сферы рэчаіснасці. Разам з тым у самім характары адмаўлення ёсць аб’ектыўная магчымасць момантаў паўторнасці і вяртання да нібыта старога, нелінейнасці працэсу развіцця. Аднаўленне ў вышэйшай стадыі некаторых рысаў ніжэйшай абумоўліваецца ўзаемапераходам процілегласцяў адна ў адну, зніжэннем узроўню арганізацыі сістэмы пры яе дэструкцыі, захаваннем пераемнасці адмаўляючага і адмаўляемага ў актах зняцця і трансфармацыі. Адмаўленне адмаўлення закон у інтэграцыі сваіх рысаў выяўляецца ў спецыфічных працэсах прыроды і чалавечай гісторыі і з асаблівай нагляднасцю — у сучасных сац. Падзеях.

Ю.А.Харын.

т. 1, с. 113

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

1) галіна права, якая рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы дзярж. кіравання. Нормы адміністрацыйнага права вызначаюць парадак арганізацыі і дзейнасці кіраўнічага апарата, правы і абавязкі службовых асоб і грамадзян. Сістэма адміністрацыйнага права Рэспублікі Беларусь складаецца з агульнай і асаблівай частак. Агульная ўключае нормы, якія маюць рэгуляцыйнае значэнне для ўсіх галін і сфераў дзярж. кіравання: сістэма і крыніцы, суб’екты адміністрайнага права, прынцыпы дзярж. кіравання, сістэма яго органаў, формы і метады кіраўнічай дзейнасці і інш. Нормы асаблівай часткі рэгулююць адносіны ў асобных сферах кіравання: планаванні, уліку, фінансаванні і матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, прам-сці, сельскай гаспадарцы, транспарце, капітальным будаўніцтве, нар. адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, сац. абароне, пытаннях адм.-паліт. кіравання (абарона, дзярж. бяспека, грамадскі парадак, юстыцыя) і інш. Гал. крыніцы адміністрайнага права: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета і Кабінета Міністраў, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь і інш., загады, пастановы і інструкцыі нарматыўнага зместу (вылаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі і ведамствамі Рэспублікі Беларусь). Выкананне выкладзеных у гэтых актах правілаў з’яўляецца абавязковым і забяспечваецца выхаваўчымі, арганізацыйнымі і прымусовымі мерамі. У ходзе рэалізацыі нормаў адміністрацыйнага права ўзнікаюць адм. праваадносіны, суб’ектам якіх, з аднаго боку, з’яўляюцца дзярж. орган або службовая асоба, з другога — дзярж. органы, іх службовыя асобы, асобныя грамадзяне, грамадскія арг-цыі і інш. Аб’ектам адм.-прававых адносін у большасці выпадкаў з’яўляецца дзейнасць людзей, іх паводзіны, а таксама пэўная маёмасць.

2) Навука, якая вывучае прававое рэгуляванне дзярж. кіравання, развіццё тэарэт. поглядаў на сутнасць, змест і сістэму прававых нормаў і прававых ін-таў. Навука актыўна садзейнічае ўдасканаленню сістэмы і ўнутр. структуры, удакладненню правоў і абавязкаў органаў дзярж. кіравання і асобных грамадзян. Праблемы адміністрацыйнага права на Беларусі вывучаюць А.М.Абрамовіч, В.І.Семянкоў, В.І.Шабайлаў і інш.

т. 1, с. 113

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,

правіннасць, проціпраўнае наўмыснае або неасцярожнае дзеянне (або бяздзеянне), замах на дзярж. або грамадскі парадак, уласнасць, правы і свабоды грамадзян і інш. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да адміністрацыйнага правапарушэння адносяцца: парушэнні грамадскага парадку, правілаў дарожнага руху, проціпажарных, сан.-эпідэміялагічных, мытных правілаў, пагранічнага рэжыму, парушэнні правілаў палявання, рыбнай лоўлі і аховы рыбных запасаў і інш. За адміністрацыйнае правапарушэнне прадугледжана адм. адказнасць (калі правапарушэнні не цягнуць за сабой крымін. адказнасці).

т. 1, с. 114

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

гл. ў арт. Адказнасць юрыдычная.

т. 1, с. 119

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЯ ЮРЫСДЫ́КЦЫЯ,

дзейнасць органаў дзярж. кіравання і іх службовых асоб па вырашэнні індывідуальных адм. спраў і прымяненні адпаведных юрыд. санкцый у адм. парадку. У некаторых краінах адміністрайную юрысдыкцыю ажыццяўляюць спец. органы т.зв. адм. юстыцыі (напр., адм. ведамасныя суды ў ЗША, Вялікабрытаніі, адм. трыбуналы акруг у Францыі і ў інш.). У б. СССР не было адасобленай сістэмы спец. органаў адм. юстыцыі. У Рэспубліцы Беларусь да органаў, што ажыццяўляюць адміністрацыйную юрысдыкцыю, адносяцца адміністрацыйныя камісіі пры выканкомах мясц. Саветаў дэпутатаў, выканкомы пасялковых і сельскіх Саветаў, раённыя камісіі па справах непаўналетніх, раённыя суддзі, службовыя асобы органаў унутр. спраў, дзярж. інспекцыі і інш. Парадак вядзення спраў органамі, якія ажыццяўляюць адміністрацыйную юрысдыкцыю, рэгламентаваны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Адміністрацыйнае правапарушэнне.

т. 1, с. 119

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл. Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б. СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністацвйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.

Літ.:

Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;

Правда истории: память и боль. Мн., 1991;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1993.

В.І.Мянькоўскі.

т. 1, с. 114

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,

падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.

У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх. ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр. ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.

25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх. ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах. ч. Беларусі (гл. Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав. б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрайна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр. б. Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах. ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх. ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;

Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;

Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.

В.А.Кадаўбовіч, В.Л.Насевіч (гісторыя).

т. 1, с. 114

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫ КО́ДЭКС,

гл. ў арт. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

т. 1, с. 119

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫ НАГЛЯ́Д,

1) дзейнасць органаў дзярж. кіравання па кантролі за выкананнем арг-цыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўстаноўленых дзяржавай правілаў у асобных галінах кіравання.

2) Нагляд за асобамі, вызваленымі з месцаў пазбаўлення волі. Існаваў з 1966 на тэр. СССР і ажыццяўляўся органамі МУС за некаторымі катэгорыямі злачынцаў (напр., за асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі). Наладжваўся (тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года) па месцы жыхарства вызваленых і меў на мэце папярэдзіць учыненне новых злачынстваў. Адміністрацыйны нагляд устанаўліваў пэўныя абмежаванні для паднагляднага, парушэнне якіх праследавалася ў адм. ці крымін. парадку. У Рэспубліцы Беларусь адменены ў крас. 1992. У дарэвалюцыйнай Расіі дзейнічаў аналагічны гэтай адм. меры паліцэйскі нагляд, які ажыццяўляўся галосна і тайна, часова і пажыццёва. Выкарыстоўваўся не толькі як мера папярэджання крымін. злачыннасці, але і як сродак барацьбы з вызв. рухам з пач. 19 ст. Заканадаўча зацверджаны ў 1882. Паднаглядны не меў права мяняць месца жыхарства, знаходзіцца на дзярж. і грамадзянскай службе, займацца пед. дзейнасцю і г.д. Адміністрайны нагляд існуе ў многіх сучасных замежных краінах.

т. 1, с. 119