АД’ЕКТЫВА́ЦЫЯ
(ад лац. adjectivum прыметнік),
пераход у прыметнікі словаформаў інш. часцін мовы. Часцей за ўсё пераходзяць дзеепрыметнікі, калі яны страчваюць працэсуальныя адзнакі і набываюць атрыбутыўныя прыкметы, што ўказваюць на ўласцівасць прадмета ці з’явы («квітнеючы край», «любімая кніга»), і зрэдку — парадкавыя лічэбнікі («першы снег»), абагульнена-якасныя займеннікі («У машыніста хлеб траякі — чорны, белы і ніякі», М.Лынькоў). Ад’ектывавацца могуць не ўсе дзеепрыметнікі, лічэбнікі і займеннікі, што звязана з асаблівасцямі іх семантыкі, марфемнага саставу, замацаванасцю ці незамацаванасцю спалучэння з назоўнікамі і інш.
І.Л.Бурак.
т. 1, с. 101
АД’Ю́НКТ
(ад лац. adjunctus далучаны),
1) у некаторых краінах Зах. Еўропы і ў Расіі асоба, якая праходзіць навук. стажыроўку; памочнік кіраўніка кафедры, прафесара, акадэміка; малодшая навук. пасада. У АН, ун-тах, некат. ВНУ Расіі пасля ўвядзення Статута 1863 званне ад’юкт заменена на званне дацэнт.
2) У некаторых краінах СНД афіцэр, які займаецца ў ад’юнктуры.
т. 1, с. 148
АД’ЮНКТУ́РА,
адна з асн. формаў падрыхтоўкі навук. і навукова-пед. кадраў у ВНУ і н.-д. установах Узбр. Сіл некаторых краін СНД. Засн. ў 1938. Камплектуецца з асоб афіцэрскага саставу. Падрыхтоўка прынятых у ад’юнктуру прадугледжвае абарону дысертацый на атрыманне вучонай ступені канд. навук па абранай спецыяльнасці. Аналагічная аспірантуры ў цывільных ВНУ.
т. 1, с. 148
АД’ЮТА́НТ
[ад лац. adjutans (adjutantis) які дапамагае],
1) афіцэр (у арміях некат. дзяржаў таксама прапаршчык, мічман) пры начальніку для розных даручэнняў і дапамогі ў кіраўніцтве воінскімі падраздзяленнямі.
2) У дарэв. рус. арміі з 17 ст. пасада афіцэра, адказнага за справаводства ў штабах.
3) Прыдворны ваен. чын у свіце манарха (генерал-ад’ютант, флігель-ад’ютант).
4) У Францыі ў 19 ст. афіцэр у палку, які адказваў за навучанне унтэр-афіцэраў і капралаў.
т. 1, с. 148