Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АДНААСО́БНІКІ,

сацыяльная група (або асоба), якая вядзе дробную прыватную гаспадарку або вытворчасць пераважна ўласнымі сродкамі і сіламі сваёй сям’і; паводле афіц. сав. гістарыяграфіі, сяляне ў СССР, якія вялі гаспадарку індывідуальна — аднаасобна, а не ў калгасе ці саўгасе. У 1913 на Беларусі ўдзельная вага сацыяльна падобных да аднаасобнікаў катэгорыяй сялян, дробных саматужнікаў і рамеснікаў складала 74,8% усяго насельніцтва; дробныя гар. і местачковыя саматужнікі і рамеснікі — 34,4% усіх занятых у прам-сці. На іх долю прыпадала прыкладна 26% чыстай прамысл. прадукцыі (у Расіі 31,4%) і 4% нац. прыбытку. Удзельная вага дробных гандляроў складала 43,4% (у Расіі — 29,5%). Да масавай калектывізацыі аднаасобны сялянскі двор у БССР, як і ў СССР, уяўляў сабой сямейна-прац. аб’яднанне, якое вяло гаспадарку на нацыяналізаванай зямлі. Паводле маёмаснага складу афіцыйна яго падзялялі на бядняцкі, серадняцкі і кулацкі, часам вылучалі і с.-г. рабочых (парабкаў). На аснове сав. заканадаўства 1917—20 аднаасобнікі, як і інш. сац. групы, былі пазбаўлены права прыватнай уласнасці на зямлю, інш. сродкі вытв-сці, арандаваць і наймаць рабочую сілу, абмежаваны ў самаст. гасп. дзейнасці. На пач. 1920-х г. у ходзе новай эканамічнай палітыкі дробнатаварная вытв-сць аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы была прызнана неабходнай мерай паскарэння сац.-эканам. развіцця. Аднаасобнікам дазвалялі любыя формы гасп. дзейнасці, выкарыстанне пры пэўных умовах наёмнай працы, арэнду сродкаў вытв-сці. Сярод аднаасобнікаў павялічылася доля заможных гаспадароў і прадпрымальнікаў. Паводле звестак выбарачнага перапісу (1927), сярэдняе сялянства складала 64,7% ад усіх сял. гаспадарак, бедната і парабкі — 31,2%, кулакі — 4,1%. У 1926 сярод насельніцтва БССР сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі 77,5%. У 1925—26 на долю дробнатаварнага і патрыярхальнага ўкладаў у сельскай гаспадарцы прыпадала 79,6% створанага чыстага прадукту, у прам-сці — 32%, у будаўніцтве — да 54%. Усяго аднаасобнікі стваралі 50,7% нац. прыбытку БССР (у 1913 менш за 40%). У 1926 валавая прадукцыя аднаасобных сял. гаспадарак складала 97,5% агульнарэсп. аб’ёму. З пераходам дзяржавы ад рэфармісцкіх да рэв. метадаў вырашэння задач сац.-эканам. развіцця праз фарсіраваную індустрыялізацыю і калектывізацыю доля аднаасобнікаў у нар. гаспадарцы рэзка зменшылася. Гэтаму спрыяла спыненне продажу ім машын і с.-г. прылад, згортванне выдачы дзярж. крэдытаў, адмова ў праве на арэнду зямлі і прадпрыемстваў, прымяненне павышаных падаткаў і інш. меры. У выпрацаваную камуністамі сістэму буд-ва сацыялізму ў СССР аднаасобнікі не ўпісваліся і былі асуджаны на знікненне. Пачалося імклівае выцісканне аднаасобніка-прыватніка з усіх сфер дзейнасці. У тавараабароце рэспублікі прыватны сектар у 1926—27 займаў 22,3%, у 1931 — 0,44%, у 1934 яго доля ў легальным гандлі была зведзена да нуля. З саматужна-рамеснай вытв-сці вёскі аднаасобнік амаль знік у 1930. Няўхільна змяншалася колькасць аднаасобнікаў і сярод сялян. У ходзе суцэльнай калектывізацыі ў 1929—32 у БССР кулацтва як клас было ліквідавана (гл. Раскулачванне).

Наступ на аднаасобнікаў (жорсткае падаткаабкладанне, перадзелы зямлі, ліквідацыя хутарской сістэмы) працягваўся. Толькі ў 1930—35 сума с.-г. падатку з гаспадаркі аднаасобнікаў вырасла амаль у 9 разоў. Да канца 1930-х г. самастойная аднаасобная гаспадарка як сац. катэгорыя ў вёсцы і ў горадзе, па сутнасці, знікла (за выключэннем Зах. Беларусі). У 1939 сяляне-аднаасобнікі, некаапераваныя саматужнікі і рамеснікі складалі толькі 6,4% усяго насельніцтва БССР. Колькасць аднаасобных сял. двароў зменшылася з 804 тыс. у 1928 да 50,3 тыс. ў 1940. Гэта адмоўна адбілася на ўсёй эканоміцы і асабліва на вытв-сці с.-г. прадукцыі. У пасляваенны час за кошт урбанізацыі рэспублікі, перамяшчэння значнай часткі аднаасобнікаў у іншыя раёны СССР, паскорана праведзенай прымусовай калектывізацыі ў Зах. Беларусі аднаасобныя сял. гаспадаркі зусім зніклі. З мноства вяскоўцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій да пач. 1950-х г. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР), аднаасобнікі складалі абсалютную большасць. У 1959 сяляне-аднаасобнікі, і некаапераваныя саматужнікі складалі толькі 0,7% насельніцтва, у 1966 — 0,1%. Перабудова эканам. структур, пачатая ў канцы 1980-х г. на Беларусі, як і ў цэлым у СССР, стварыла ўмовы для развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў горадзе і вёсцы.

А.​М.​Сарокін.

т. 1, с. 120

АДНАБАКО́ВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, якая не мае двух розных бакоў, чым і адрозніваецца, напр., ад сферы, куба ці квадрата. Размешчаная ў прасторы аднабаковая паверхня з зафіксаваным на ёй пунктам неперарыўнай дэфармацыяй абарачальна ператвараецца ў такую, на якой праз гэты пункт будзе праходзіць некаторы замкнёны шлях (абход), уздоўж якога можна пабудаваць нармаль, што неперарыўна мяняе свой кірунак да паверхні; праходзячы гэты шлях, нармаль вяртаецца ў зыходны пункт з напрамкам, процілеглым першапачатковаму. Характарыстыка аднабаковай паверхні — яе неарыентаванасць (гл. Арыентацыя). Для трохмернай прасторы сапраўдна і адваротнае: кожная неарыентаваная паверхня будзе аднабаковай паверхняй. Прыклады аднабаковай паверхні: Мёбіуса ліст, Клейна паверхня.

т. 1, с. 121

АДНАГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, адналетнікі,

травяністыя расліны, жыццёвы цыкл якіх (ад насення да насення) заканчваецца на працягу аднаго года (найб. кароткі ён у эфемераў, часцей ахоплівае ад 2 да 5 месяцаў). Вядома больш за 100 тыс. відаў, пашыраных на ўсім зямным шары, з іх на Беларусі каля 270 відаў.

Аднагадовыя расліны падзяляюцца на яравыя і азімыя формы. Насенне яравых прарастае вясной або летам і да восені (ва ўмераных шыротах) пасля плоданашэння расліны адміраюць (яравая пшаніца, лён, авёс, ячмень, кукуруза, каноплі, гарох, проса, грэчка, рыс і інш.). Азімыя прарастаюць восенню, зімуюць, на наступны год цвітуць, пладаносяць і адміраюць (азімыя пшаніца і жыта, віка, рапс, васілёк, стрэлкі і інш.). Аднагадовыя расліны (асабліва эфемераў) значна больш у пустыннай зоне і найменш у тундравай.

т. 1, с. 121

АДНАГАЛО́СНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП У ААН,

устаноўлены Статутам ААН парадак прыняцця Саветам Бяспекі рашэнняў непрацэдурнага характару. Прыняты на Крымскай канферэнцыі 1945. Паводле аднагалоснасці прынцыпу ў ААН рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго пададзены галасы 9 членаў Савета, прычым галасы ўсіх яго пастаянных членаў (ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і КНР) супадаюць. Часам гэты прынцып называюць правам вета пастаянных членаў Савета Бяспекі. Устрыманне пры галасаванні любога пастаяннага члена Савета Бяспекі не перашкаджае ўхваленню рашэння, а няўдзел у галасаванні не разглядаецца як выкарыстанне вета. Прыняцце паправак і змен у Статуце ААН таксама ажыццяўляецца ў адпаведнасці з аднагалоснасці прынцыпам у ААН.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 121

АДНАГАЛО́СЫЯ (Clamatores, Tyranni),

падатр. птушак атр. вераб’інападобных. Пашыраны пераважна ў тропіках Амерыкі. 14 сям.: дрэвалазы (Dendrocolaptidae), печніковыя (Furnariidae), пітавыя (Pittidae) і інш. Каля 1100 відаў.

Даўж. цела да 30 см, маса да 120 г. Будова гартані прымітыўная (крычаць, але не пяюць). Пер’е яркае, стракатае. Гняздуюцца на дрэвах і на зямлі. Нясуць 1—6 яец. Кормяцца насякомымі і раслінамі. Маюць невялікае прамысл. значэнне.

т. 1, с. 121

АДНАДВО́РЦЫ,

катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).

На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 121

АДНАДЗЁНКА,

аднаразовае газетнае выданне. Часам выдавалася як лістоўка або альманах, без нумарацыі. Першая бел. аднадзёнка «Новіны грозные а жалостливые...» з прычыны нападу Івана IV Грознага на Полацк выд. ў 1563 у Нясвіжскай друкарні. У каталогу 1684 Бадлеанскай (Оксфард) б-кі зафіксавана 7 бел. аднадзёнак 1563, 1571, 1580, 1597, 1602, 1610 і 1617 на бел., лац., ням., англ. і інш. мовах. У 20 ст. аднадзёнкі выдаваліся найчасцей з-за цэнзурнага ўціску. Выходзілі ў Гродне («Колас беларускай нівы», 1913), Мінску («Над Свіслаччу», май 1914, на польск. мове; «Чырвоная варта», 15.4.1921; «Беларусь — Паволжу», 4.10.1921) і інш. Асн. прычына выхаду аднадзёнак ў Зах. Беларусі — канфіскацыя бел. прэсы польскімі ўладамі. Яны прысвячаліся пераважна грамадска-паліт. падзеям і выдаваліся ў Вільні («Беларуская крыніца», 25.12.1921; «Беларуская доля», 23.5.1923; «Абух», 20.8.1924; «Беларускі селянін», 14.8.1925; «Новая маланка», 30.11.1928; «Весткі Таварыства Беларускае школы», 28.2.1929; «Беларуская праўда», 12.5.1931; «За беларускую школу», 16.6.1936; «Голас студэнта», 25.6.1937, і інш.), у Гродне («Выстрал», 8.10.1924; «Стрэха», 12.2.1928; «Пралом», 19.6.1929), у Беластоку («Лясны работнік», студз. 1934). Бел. аднадзёнкі выходзілі ў Дзвінску («Праца», 29.6.1928; «Новы шлях», 29.4.1931), Рызе («Шлях праўды», 24.10.1930), Варшаве («Першы крок», ліп. 1935) і інш.; у пасляваенны час — у Нямеччыне, ЗША, Канадзе.

Зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, Цэнтр. навук б-цы АН Беларусі, Цэнтр. Навук. б-цы АН Літвы, у архівах і б-ках Польшчы і інш. Усяго выйшла больш за 100 аднадзёнак.

Літ.:

Максімовіч Р. (Тумаш В.). «Навіны Грозныя» 1563 году: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. Мюнхен, 1966. Кн. 4;

Тое ж // Спадчына. 1994. № 3.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 121

АДНАДО́ЛЬНЫЯ (Monocotyledonas, Liliopsida),

клас кветкавых раслін, гл. Ліліопсіды.

т. 1, с. 122

АДНАДО́МНЫЯ РАСЛІ́НЫ, манагамныя расліны,

расліны, у якіх аднаполыя кветкі — мужчынскія (тычынкавыя) і жан. (песцікавыя) або інш. мужчынскія і жан. органы размнажэння (у някветкавых раслін) знаходзяцца на адной расліне. Напр., дрэўныя расліны — бяроза, ляшчына, дуб, сасна, елка; травяністыя — кукуруза, агуркі, гарбузовыя; многія імхі, водарасці. Параўн. Двухдомныя расліны, Шматдомныя расліны.

т. 1, с. 122

АДНАДРЭ́ЎКА лодка, выдзеўбаная са ствала дрэва; самы старажытны тып лодкі. Бытавала ў славян, у т. л. беларусаў, да з’яўлення дашчаных лодак. Сустракаецца і ў наш час (гл. Човен).

т. 1, с. 122