АДХА́РКВАЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,
прыродныя або штучна сінтэзаваныя лекавыя сродкі, якія разрэджваюць макроту, паляпшаючы яе выдаленне, павышаюць актыўнасць слізістай бронхаў, паляпшаюць газаабмен, аслабляюць запаленчыя працэсы. Ужываюць пры вострых рэспіраторных захворваннях, хранічных бранхітах, запаленні лёгкіх, бронхаэктатычнай хваробе і інш. Найб. моцныя з іх: адвары і настоі каранёў алтэю, дзівасілу, падбелу, трыпутніку, травы тэрмопсісу, браміды натрыю і калію. Да адхарквальных сродкаў, якія разрэджваюць макроту, адносяцца ферментныя (трыпсіл, рыбануклеаза) і атрыманыя шляхам хім. сінтэзу (ацэтылцыстэіл, бромгексін).
т. 1, с. 140
АДХІЛЯ́ЮЧАЯ СІ́ЛА ВЯРЧЭ́ННЯ ЗЯМЛІ́,
адна з сіл інерцыі, якая дае магчымасць улічваць уплыў вярчэння Зямлі вакол сваёй восі на рух любога цела адносна зямной паверхні; прыватны выпадак Карыяліса сілы. Адхіляе целы, якія рухаюцца ўздоўж зямной паверхні, управа ў Паўн. паўшар’і, улева — у Паўднёвым; адыгрывае значную ролю ў развіцці атм. працэсаў, змене контураў берагоў рэк і інш.
т. 1, с. 140
АДХО́ДЫ,
рэшткі сыравіны, не прыдатныя для вытв-сці пэўнай прадукцыі, таксама рэчывы (цвёрдыя, вадкія і газападобныя), што ўзнікаюць у ходзе тэхнал. працэсаў, і энергія, якія не падлягаюць утылізацыі ў пэўнай вытв-сці. Адрозніваюць адходы прамысл. (у т. л. радыеактыўныя), с.-г., быт. (камунальныя), энергет. (адыходзячае цяпло), харчовыя і інш. Адходы адной вытв-сці могуць быць сыравінай для інш. яе галін. Каб паменшыць тэхнагенны ўплыў адходаў на прыроду, ствараюцца малаадходныя і безадходныя тэхналогіі.
т. 1, с. 140