АДДЗЕ́Л у геалогіі, самае буйное падраздзяленне геал. сістэмы, якое мае планетарнае пашырэнне; адзінка агульнай стратыграфічнай шкалы. Аб’ядноўвае адклады, што ўтварыліся на працягу геал. эпохі. Кожны аддзел адасабляецца па характэрных рэштках выкапнёвай фауны і флоры і падзяляецца на ярусы.
т. 1, с. 100
АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ ў будаўніцтве, матэрыялы для аддзелачных работ. Падзяляюцца на аддзелачныя матэрыялы вонкавай і ўнутранай аддзелкі, на канструкцыйна-аддзелачныя і эксплуатацыйна-аддзелачныя. Да аддзелачных матэрыялаў належаць лакафарбавыя матэрыялы, абліцовачныя матэрыялы, аддзелачныя растворы і бетоны, прыродныя і штучныя каменныя матэрыялы, аддзелачная кераміка, матэрыялы і вырабы са шкла (гл. Шклаблокі, Шклопрафіліт, Шкляная плітка), з драўніны (паркет), паперы (шпалеры), пластычных мас (сінт. плёнкі, лінолеум, рэлін), дывановыя пакрыцці для падлогі і інш.
т. 1, с. 101
АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ РАБО́ТЫ ў будаўніцтве, работы, звязаныя з выкарыстаннем аддзелачных матэрыялаў у мэтах павышэння даўгавечнасці, паляпшэння эксплуатацыйных, санітарна-гігіенічных і архітэктурна-маст. якасцяў збудаванняў. Да аддзелачных работ належаць малярныя работы, абліцовачныя работы, шкляныя работы, шпалерныя і штукатурныя работы, устаноўка сталярных вырабаў і дэталяў, насціланне падлогі (у тым ліку паркету). Паслядоўнасць і сумяшчэнне з інш. буд. работамі залежаць ад асаблівасцяў канструкцыі і тэхналогіі ўзвядзення збудаванняў, часткова выконваюцца пры вытв-сці буйнапамерных зборных элементаў.
т. 1, с. 101
АДДЗЕ́Л КІРАЎНІ́ЦТВА ПРАВІ́НЦЫЯМІ ЛІТВЫ́
(Wydział zarządzający prowincjami Litwy),
орган кіравання паўстаннем 1863—64 у Літве і на Беларусі. Створаны ў сак. 1863 у Вільні замест скасаванага Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. Узнік у выніку змовы памешчыцкай групоўкі «белых» з камісарам варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і на Беларусі Н.Дзюлёранам. У склад аддзела ўвайшлі «белыя»: Я.Гейштар (старшыня), А.Аскерка, Ф.Далеўскі, І.Лапацінскі, А.Яленскі. 27.2.1863 аддзел абвясціў несапраўднымі ўсе мандаты Часовага ўрада. «Белыя» імкнуліся звузіць сац. базу паўстання, паставіць на камандныя пасады сваіх аднадумцаў. Аддзел выдаваў загады і адозвы (у т. л. маніфест да бел. сялян ад 3.5.1863 на бел. мове), газеты. У канцы мая — пач. чэрв. 1863 Аскерка, Далеўскі і Яленскі арыштаваны, замест іх уведзены прадстаўнікі «чырвоных» К.Каліноўскі і У.Малахоўскі, намаганнямі якіх выдадзены дакументы радыкальнага характару, у т. л. «Прыказ... да народу зямлі літоўскай і беларускай» (11.6.1863), № 7 «Мужыцкай праўды» 26.6.1863 аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы перайменаваны ў Выканаўчы аддзел Літвы.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 100
АДДЗЯЛЕ́ННЕ ваеннае, 1) воінскае страявое падраздзяленне ва ўзбр. сілах большасці краін. Складаецца з 6—12 чал. на чале з камандзірам (сяржантам, старшыной). Уваходзіць у склад узводаў — мотастралк., пяхотных (мотапяхотных) і інш. У танк. войсках і авіяцыі аддзяленню адпавядае экіпаж танка, самалёта, у артылерыі — разлік гарматы. На караблі аддзяленне аб’ядноўвае асабовы склад адной спецыяльнасці і звычайна ўваходзіць у склад каманды.
2) Арганізацыйная адзінка ў штабах, ваенна-навуч. установах і інш. (аддзяленне кадраў, страявое аддзяленне і інш.).
т. 1, с. 101
АДДЗЯЛЕ́ННЕ ЦАРКВЫ́ АД ДЗЯРЖА́ВЫ,
дзяржаўная палітыка адхілення царквы ад вядзення актаў цывільнага стану і ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве. Канстытуцыйна ажыццёўлена ў нешматлікіх краінах (ЗША, Францыя, б. СССР і інш.). У канстытуцыях больш як 40 дзяржаў прадугледжаны статус дзярж. або пануючай рэлігіі і царквы (у Іспаніі, Італіі, Балівіі — каталіцызм, Іране, Саудаўскай Аравіі, Кувейце — іслам, у Ізраілі — іудаізм, у Тайландзе — будызм). Мае месца і канстытуцыйнае прызнанне роўнасці рэлігіі і царквы без аддзялення царквы ад дзяржавы (Японія, ФРГ і інш.). У Рэспубліцы Беларусь аддзяленне царквы ад дзяржавы ажыццяўляецца на аснове неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы, самастойнага і канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна вызначаць адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.
т. 1, с. 101