Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЧА́Г ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ,

вобласць у нетрах Зямлі, дзе адбываецца хуткае перамяшчэнне (удар) масаў уздоўж тэктанічнага разрыву і вызваленне назапашанай энергіі. Памеры ачагоў землетрасення ад дзесяткаў метраў да сотняў кіламетраў (пры магнітудзе 8,5), глыб. да некалькіх сотняў кіламетраў. Вялікія ачагі землетрасення звязаны з зонамі актыўных глыбінных разломаў у тоўшчы зямной кары або верхняй мантыі. Гл. таксама Эпіцэнтр.

т. 2, с. 164

А́ЧАДЗІ

(Acsdy) Ігнац (9.9.1845, г. Надзькарай, Венгрыя — 17.12.1906),

венгерскі гісторык. Чл.-кар. Венгерскай АН (1888). Аўтар прац па сац.-эканам. гісторыі феад. Венгрыі, у тым ліку «Землеўладанне ў Венгрыі 1494—1598» (1894), «Гісторыя венгерскага прыгоннага сялянства» (1906). Працы Ачадзі змяшчаюць вялікі фактычны матэрыял.

т. 2, с. 164

АЧА́КАЎ,

горад на Украіне, цэнтр раёна ў Мікалаеўскай вобл., на беразе Дняпроўскага лімана Чорнага м. 19 тыс. ж. (1992). Марскі порт. Харч. прам-сць. Кліматычны курорт. 4 музеі. Паблізу Ачакава — рэшткі антычнага горада-дзяржавы Ольвія.

У 7—6 ст. да нашай эры ў раёне сучаснага Ачакава існавалі грэч. калоніі з г. Алектар. У канцы 14 — пач. 15 ст. вял князь ВКЛ Вітаўт заснаваў тут форт Дашаў, а крымскі хан Менглі-Гірэй у 1492 пабудаваў крэпасць Кара-Кермен, якая адышла Турцыі і названа Ачы-Кале (адсюль назва Ачакаў). У рус.-тур. вайну 1787—91 крэпасць 6.12.1788 штурмам узята рус. войскамі на чале з Р.А.Пацёмкіным і паводле Яскага мірнага дагавору 1791 далучана да Расіі. У 1792 на месцы крэпасці закладзены горад. У Ачакаве ў 1906 адбыўся суд над удзельнікамі паўстання на крэйсеры «Ачакаў» на чале з П.П.Шмітам.

т. 2, с. 164

«АЧА́КАЎ»,

крэйсер расійскага Чарнаморскага флоту, каманда якога ўдзельнічала ў Севастопальскім паўстанні 1905. Спушчаны на ваду ў 1902, дабудаваны ў 1907. Пасля задушэння паўстання 41 чл. яго экіпажа і камандуючы рэв. флотам лейтэнант П.П.Шміт асуджаны. У 1907—17 крэйсер наз. «Кагул». З 1918 у складзе флоту войскаў белых. У 1920 разам з інш. караблямі Урангеля эвакуіраваны ў порт Бізерта (Туніс). Знаходзіўся ў страі да 1924.

т. 2, с. 164

Ачапоўскі Ян

т. 18, кн. 1, с. 339

АЧА́Х,

ачэ, ачынцы, народ у Інданезіі, на Пн в-ва Суматра. Каля 2,63 млн. чал. Жывуць таксама ў Малайзіі. Агульная колькасць 2,64 млн. чал. (1987). Мова інданезійскай галіны. Вернікі — мусульмане-суніты.

т. 2, с. 164

Ачоа Севера

т. 18, кн. 1, с. 339

Ачоа Элен

т. 18, кн. 1, с. 339

АЧО́С,

верхняе мохавае і травяное покрыва на тарфяных балотах, якое лёгка аддзяляецца ад торфу. Слой звязаны каранямі жывой травяністай расліннасці, рызоідамі, сцёбламі і галінкамі імхоў. У Беларусі таўшчыня ачосу звычайна 10—15 см, найб. 50 см. У ім канцэнтруецца макс. колькасць мікраарганізмаў (і пажыўных рэчываў для іх), адбываюцца асн. працэсы торфаўтварэння. Пры здабычы торфу ачос нарыхтоўваюць асобна або заворваюць. Прыдатны для вырабу кармавых дражджэй, спірту і інш.

т. 2, с. 164

АЧО́СА,

рака ў Беларусі, у Веткаўскім і Добрушскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток Іпуці (бас. Дняпра). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 232 км² . Пачынаецца за 1,2 км на ПдУ ад пас. Уютны Веткаўскага р-на. Цячэ па мяжы Беларусі і Бранскай вобласці Расіі, упадае ў Іпуць за 4 км на У ад в. Дзям’янкі Добрушскага р-на. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 2, с. 164