АЧА́Г ЗЕМЛЕТРАСЕ́ННЯ,
вобласць у нетрах Зямлі, дзе адбываецца хуткае перамяшчэнне (удар) масаў уздоўж тэктанічнага разрыву і вызваленне назапашанай энергіі. Памеры ачагоў землетрасення ад дзесяткаў метраў да сотняў кіламетраў (пры магнітудзе 8,5), глыб. да некалькіх сотняў кіламетраў. Вялікія ачагі землетрасення звязаны з зонамі актыўных глыбінных разломаў у тоўшчы зямной кары або верхняй мантыі. Гл. таксама Эпіцэнтр.
т. 2, с. 164
А́ЧАДЗІ
(Acsády) Ігнац (9.9.1845, г. Надзькарай, Венгрыя — 17.12.1906),
венгерскі гісторык. Чл.-кар. Венгерскай АН (1888). Аўтар прац па сац.-эканам. гісторыі феад. Венгрыі, у тым ліку «Землеўладанне ў Венгрыі 1494—1598» (1894), «Гісторыя венгерскага прыгоннага сялянства» (1906). Працы Ачадзі змяшчаюць вялікі фактычны матэрыял.
т. 2, с. 164
АЧА́КАЎ,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Мікалаеўскай вобл., на беразе Дняпроўскага лімана Чорнага м. 19 тыс. ж. (1992). Марскі порт. Харч. прам-сць. Кліматычны курорт. 4 музеі. Паблізу Ачакава — рэшткі антычнага горада-дзяржавы Ольвія.
У 7—6 ст. да нашай эры ў раёне сучаснага Ачакава існавалі грэч. калоніі з г. Алектар. У канцы 14 — пач. 15 ст. вял князь ВКЛ Вітаўт заснаваў тут форт Дашаў, а крымскі хан Менглі-Гірэй у 1492 пабудаваў крэпасць Кара-Кермен, якая адышла Турцыі і названа Ачы-Кале (адсюль назва Ачакаў). У рус.-тур. вайну 1787—91 крэпасць 6.12.1788 штурмам узята рус. войскамі на чале з Р.А.Пацёмкіным і паводле Яскага мірнага дагавору 1791 далучана да Расіі. У 1792 на месцы крэпасці закладзены горад. У Ачакаве ў 1906 адбыўся суд над удзельнікамі паўстання на крэйсеры «Ачакаў» на чале з П.П.Шмітам.
т. 2, с. 164
«АЧА́КАЎ»,
крэйсер расійскага Чарнаморскага флоту, каманда якога ўдзельнічала ў Севастопальскім паўстанні 1905. Спушчаны на ваду ў 1902, дабудаваны ў 1907. Пасля задушэння паўстання 41 чл. яго экіпажа і камандуючы рэв. флотам лейтэнант П.П.Шміт асуджаны. У 1907—17 крэйсер наз. «Кагул». З 1918 у складзе флоту войскаў белых. У 1920 разам з інш. караблямі Урангеля эвакуіраваны ў порт Бізерта (Туніс). Знаходзіўся ў страі да 1924.
т. 2, с. 164
АЧА́Х,
ачэ, ачынцы, народ у Інданезіі, на Пн в-ва Суматра. Каля 2,63 млн. чал. Жывуць таксама ў Малайзіі. Агульная колькасць 2,64 млн. чал. (1987). Мова інданезійскай галіны. Вернікі — мусульмане-суніты.
т. 2, с. 164