АЎЦАБЫ́К,
мускусны бык (Ovibos moschatus), жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Трапляецца ў Грэнландыі і на некаторых а-вах Канадскага арктычнага архіпелага. Колькасць невялікая, ахоўваецца. У ледавіковы перыяд жыў на Беларусі.
Даўж. цела да 2,5 м, выш. ў карку да 1,45 м, маса да 300 кг. Поўсць цёмна-бурая, доўгая (да 0,9 м) і густая. Рогі ў самцоў і ў самак, даўж. да 0,73 м. Корміцца лішайнікамі, мохам, травой. Цяжарнасць каля 9 месяцаў. Нараджае 1 цяля раз у 2 гады. Акліматызаваны ў Нарвегіі і на в-ве Шпіцберген, распачата акліматызацыя на в-ве Урангеля і на п-ве Таймыр. У шэрагу краін аўцабыкоў трымаюць на фермах.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)