А́ЎГУСТ

(Augustus) Гай Актавій (з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),

рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)