Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́ЯВА

(Iowa),

штат у цэнтральнай частцы ЗША. Пл. 145,75 тыс. км². Нас. 2814 тыс. чал. (1993), гарадскога каля 60%. Адм. цэнтр — Дэ-Мойн. Буйныя гарады Сідар-Рапідс і Давенпарт. Паверхня — узгорыстая раўніна сярэдняй выш. 400—500 м са слядамі зледзянення. Клімат цёплы, умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -10 да -6 °C, ліп. 23 °C, ападкаў 700—890 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Сідар, Аява, Дэ-Мойн і Місуры. Пераважаюць прэрыі з урадлівымі глебамі, пад лесам каля 7% тэрыторыі. Вядучы сектар эканомікі — апрацоўчая прам-сць: вытв-сць с.-г. Машын, халадзільнага абсталявання, электроннай тэхнікі, быт. электрапрылад, аўтапрылад, мінер. угнаенняў, хім. і дрэваапр. прадпрыемствы і інш. Здабыча буд. каменю, цэментнай сыравіны, пяску і жвіру. Аява — адзін з гал. штатаў па вытв-сці с.-г. прадукцыі. Вырошчваюць кукурузу на зерне і сілас, сою, авёс, сеяныя травы. Гадуюць свіней, авечак, хатнюю птушку. Адкорм буйн. раг. жывёлы. Развітая сетка шляхоў зносін. Суднаходства па рэках Місісіпі і Місуры. Турызм.

М.С.Вайтовіч.

т. 2, с. 176