Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АЦЯПЛЕ́ННЕ,

сістэма для абагравання памяшканняў у халодны перыяд года з мэтай кампенсацыі страт цяпла і падтрымання т-ры на пэўным зададзеным узроўні. Складаецца з крыніцы цяпла, цеплаправодаў і ацяпляльных прылад. Бывае мясцовае (пячное ацяпленне, электрычнае ацяпленне, газавае ацяпленне і інш.) і цэнтральнае (вадзяное ацяпленне, паравое ацяпленне, паветранае ацяпленне, панэльнае ацяпленне, прамянёвае ацяпленне і інш.). Пры мясцовым ацяпленні крыніцы цяпла знаходзяцца ў памяшканнях, якія ацяпляюць; пры цэнтральным у памяшканні размяшчаюць ацяпляльныя прылады, а цепланосьбіты падаюцца з цэнтр. крыніцы (напр., цеплаэлектрацэнтралі). Цэнтральнае ацяпленне бывае і ў аднакватэрным доме (вадагрэйны кацёл размяшчаюць у дапаможным памяшканні або на кухні). Цеплавая магутнасць установак разлічваецца залежна ад прызначэння памяшкання і сярэдняй вонкавай т-ры самай халоднай пяцідзёнкі ў пэўнай мясцовасці (для Мінска -22 °C). Жылыя памяшканні павінны мець т-ру 18 °C, глядзельныя залы — 16 °C і інш. У вытв. памяшканнях прамысл. прадпрыемстваў пры пастаянным цеплавыдзяленні ад тэхнал. абсталявання магутнасць ацяпляльнай устаноўкі адпаведна зменшана. Гл. таксама Цеплазабеспячэнне.

В.​Р.​Баштавы.

т. 2, с. 164

АЦЯПЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для абагравання памяшканняў (ацяплення), разнавіднасць награвальных прылад. Найбольш пашыраны ацяпляльныя прылады, да якіх падаецца цепланосьбіт — вада (вадзяное ацяпленне), пара (паравое ацяпленне) або паветра (паветранае ацяпленне). Да іх адносяць радыятары, канвектары, каларыферы, прылады панэльнага або плінтуснага тыпу і інш. Ёсць ацяпляльныя прылады, дзе спальваюць газ (газавае ацяпленне) або эл. энергія пераўтвараецца ў цеплавую (электрычнае ацяпленне; звычайна выкарыстоўваецца як дадатковае). У сістэмах прамянёвага ацяплення функцыі ацяпляльных прылад выконваюць сцены, столь, падлога або спец. панэлі (паверхні награвання ствараюцца пры размяшчэнні ў гэтых канструкцыях тонкіх трубаў, эл. кабелю, паветраводаў і каналаў).

т. 2, с. 164