Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЦЫДАФІЛІ́Я

(ад лац. acidus кіслы + ...філія),

схільнасць клетачных структур афарбоўвацца кіслымі фарбавальнікамі (эазінам, кіслым фуксінам, пікрынавай кіслатой і інш.). Выбіральная адсорбцыя кіслых фарбавальнікаў вызначаецца шчолачнымі ўласцівасцямі тканкавых структур. Ацыдафілія разам з базафіліяй выкарыстоўваецца ў гісталагічнай практыцы, паталагічнай анатоміі, гематалогіі, анкалогіі і цыталогіі для адрознівання клетачных структур (напр., пры аналізе клетак крыві).

т. 2, с. 162

АЦЫДАФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,

арганізмы, для развіцця якіх неабходна значная кіслотнасць асяроддзя. Да іх належаць воцатнакіслыя і малочнакіслыя бактэрыі, што пашыраны ў кішэчніку пазваночных, у глебе, на раслінах (сфагнум, верас, хвошч, лубін), у малочных прадуктах і інш. Ацыдафільныя бактэрыі маюць практычнае значэнне ў некат. галінах харч. прам-сці (вытв-сць воцату, малочная прам-сць), у кормавытворчасці (сіласаванне кармоў) і інш.

т. 2, с. 162

АЦЫДАФО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ

(ад лац. acidus кіслы + грэч. phobos страх),

арганізмы, якія развіваюцца толькі ў нейтральным і шчолачным асяроддзях. Да іх належаць, напрыклад, урабактэрыі, якія разбураюць мачавіну (добра растуць у шчолачным асяроддзі пры pH 8—9 і зусім не развіваюцца ў асяроддзі з pH ніжэй за 6), і вышэйшыя расліны — буракі, люцэрна, фасоля і інш.

т. 2, с. 162

АЦЫДО́З

(ад лац. acidus кіслы),

парушэнне кіслотна-шчолачнай раўнавагі ў арганізме, якое характарызуецца абсалютным або адносным лішкам кіслот. Часцей узнікае абменны, або нягазавы, ацыдоз пры вял. колькасці ў арганізме нелятучых кіслот (пры некаторых захворваннях печані, нырак, дыябеце) ці пры страце шчолачных злучэнняў (пры працяглай ірвоце, паносе). Дыхальны, або газавы, ацыдоз узнікае пры затрымцы вуглякіслага газу лёгкімі (прыступ астмы, цяжкая задышка). Адрозніваюць кампенсаваны ацыдоз, калі назіраецца зніжэнне шчолачнай рэакцыі крыві і тканак без значнага павышэння іх кіслотнасці, і некампенсаваны, пры якім кіслотнасць значна павышаецца. Лячэнне: ліквідацыя прычыны ўзнікнення ацыдозу, а таксама выкарыстанне соды і шчолачнай мінер. Вады.

т. 2, с. 162

АЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

аліфатычныя злучэнні, арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у адкрытыя лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Ацыклічныя злучэнні з простымі сувязямі паміж атамамі вугляроду адносяцца да насычаных злучэнняў, з адной ці некалькімі двайнымі або трайнымі вуглярод-вугляроднымі сувязямі — да ненасычаных злучэнняў. Пад уздзеяннем каталізатараў і высокіх т-р адбываюцца хім. ператварэнні паміж насычанымі і ненасычанымі ацыклічнымі злучэннямі, а таксама паміж ацыклічнымі злучэннямі і аліцыклічнымі злучэннямі. Практычнае значэнне мае ператварэнне ацыклічных злучэнняў у араматычныя (гл. Араматызацыя). Да ацыклічных злучэнняў належаць вуглевадароды і іх вытворныя (спірты, кіслоты, эфіры, аміны і інш.), тлушчы і вугляроды (цукры, крухмал, клятчатка і інш). Асн. крыніца ацыклічных злучэнняў — нафта, прыродны газ, прадукты расліннага паходжання.

т. 2, с. 163

АЦЫЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення ў малекулу арганічных рэчываў ацыльнай групы (RCO). У залежнасці ад тыпу ацыльнай групы адрозніваюць ацэтыліраванне (ацыл воцатнай кіслаты), бензаіліраванне (ацыл бензойнай кіслаты), фарміліраванне (астатак мурашынай кіслаты HCO) і інш. Выкарыстоўваецца ў лабараторным і прамысл. сінтэзе для «захоўвання» рэакцыйназдольных гідраксільных і амінных груп, таксама ў вытв-сці лекаў.

т. 2, с. 163