Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АТЛА́НТ,

1) у старажытнагрэчаскай міфалогіі — асілак (тытан), які трымаў на сваіх плячах небасхіл. Атлант — бацька сямі плеяд і німфы Каліпсо. Паводле міфаў Персей ператварыў Атланта ў скалу.

2) У архітэктуры атлант — апора ў выглядзе мужчынскай статуі, што падтрымлівае перакрыцці будынка, балкона, порціка і інш. Такія атланты вядомы з антычнасці (храм Зеўса Алімпійскага ў г. Агрыджэнта, Італія, 5 ст. да нашай эры), пашыраны ў архітэктуры 17 — пач. 20 ст. (атланты ратушы ў Тулоне, Францыя, 1656—57; атланты порціка Новага Эрмітажа ў С.-Пецярбургу, 1844—49) і інш.

т. 2, с. 70

«АТЛА́НТ»,

акцыянернае таварыства ў Беларусі. Створана ў 1993 у складзе Мінскага завода халадзільнікаў і Баранавіцкага станкабуд. з-да. Асн. прадукцыя (1995): халадзільнікі і маразільнікі бытавыя, запасныя часткі да іх, кампрэсары і абсталяванне.

т. 2, с. 70

АТЛА́НТА

(Atlanta),

горад на ПдУ ЗША, каля падножжа Апалачаў. Адм. ц. штата Джорджыя. Засн. ў 1837 як чыг. станцыя. 395 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел на ПдУ ЗША: міжнар. аэрапорт Хартсфілд, 2 чыг. лініі. Гандл.-фінансавы, прамысл. і культ. цэнтр ПдУ краіны. Аўтамаб., авіяц., ракетна-касм., прыладабуд., металаапр. прам-сць. Вытв-сць прамысл. абсталявання, сталі, мэблі; хім., паліграф., лёгкая (тэкстыль), харчасмакавая прам-сць. 4 ун-ты. Музей мастацтваў. Магіла М.Л.Кінга. Месца правядзення летніх Алімпійскіх гульняў 1996.

т. 2, с. 70

АТЛА́НТАЎ Уладзімір Андрэевіч

(н. 19.2.1939, С.-Пецярбург),

рускі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1963). У 1967—88 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Партыі: Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Атэла («Атэла» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні). Лаўрэат міжнар. конкурсаў імя П.І.Чайкоўскага (1966) і маладых оперных спевакоў (Сафія, 1967), Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978. Ганаровае званне камерзінгера Венскай дзярж. оперы (1987).

Літ.:

Нестьева М.И. Владимир Атлантов. М., 1987.

т. 2, с. 70

АТЛАНТЫ́ДА

(грэч. Atlantis),

паводле старажытнагрэчаскага падання астраўны кантынент, які існаваў 10—12 тыс. гадоў назад і быў заселены культ. і магутным племенем атлантаў. Першае ўпамінанне пра Атлантыду захавалася ў творах Платона (дыялогі «Тымей» і «Крытай»), Факт існавання, месца знаходжання і прычыны знікнення Атлантыды не высветлены. Найб. верагодна, што востраў знаходзіўся ў Атлантычным ак. на З ад Іспаніі, у выніку землетрасення апусціўся на дно акіяна. Праблемай Атлантыды займаецца спец. галіна навукі — атланталогія.

т. 2, с. 70

АТЛАНТЫ́ЗМ,

ідэалогія і палітыка цеснага супрацоўніцтва і саюзу краін Зах. Еўропы, ЗША і Канады (што прымыкаюць да Атлантычнага акіяна). Найб. поўнае адлюстраванне знайшла ў дзейнасці Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавору (НАТО).

т. 2, с. 71

АТЛА́НТЫК-СІ́ЦІ

(Atlantic City),

горад і курорт на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Джэрсі, на беразе Атлантычнага ак. 38 тыс. ж. (1990). Сілікатна-керамічная, швейная, харч. прам-сць. Вытв-сць хім.-фармацэўтычных прэпаратаў. Шматлікія казіно.

Як прыморскі кліматычны курорт развіваецца з 19 ст. Субтрапічны клімат з мяккай зімой і цёплым летам, пясчаны пляж даўж. каля 13 км — спрыяльныя ўмовы для адпачынку і лячэння неспецыфічных захворванняў органаў дыхання, нерв. сістэмы, парушэнняў абмену рэчываў. Цэнтр міжнар. турызму, паруснага спорту, фестываляў, конкурсаў, спаборніцтваў. У Атлантык-Сіці адзін з найб. у свеце крытых залаў (41 тыс. месцаў) з арганам, 5 молаў, на адным з іх назіральная вышка (100 м).

т. 2, с. 71

«АТЛА́НТЫК РЫ́ЧФІЛД КО́МПАНІ»

(Atlantic Richfield Company),

нафтавая кампанія ЗША. Засн. ў 1870 як «Атлантычная нафтаперагонная кампанія», з 1960 (пасля аб’яднання з карпарацыяй «Рычфілд нафта») сучасная назва. З 1976 уключае кампанію «Анаконда», разам з якой валодае Трансаляскінскім нафтаправодам. Асн. прадукцыя: нафта, прыродны газ, нафтапрадукты, нафтахімікаты, каляровыя металы (медзь), вугаль.

т. 2, с. 71

«АТЛАНТЫ́ЧНАЯ МАГІСТРА́ЛЬ»,

1) мерыдыянальная двухпутная чыг. магістраль Бостан—Філадэльфія—Вашынгтон—Савана—Маямі, якая злучае ПнУ ЗША з узбярэжжам Мексіканскага зал. Агульная працягласць больш за 2,2 тыс. км.

2) Мерыдыянальная двухпутная чыг. магістраль Мантэвідэо (Уругвай) — Курытыба — Сан-Паўлу — Рыо-дэ-Жанейра — Салвадор — Рэсіфі (Бразілія), якая злучае Уругвай з паўд. і ўсх. штатамі Бразіліі. Агульная працягласць 3,6 тыс. км.

т. 2, с. 71

АТЛАНТЫ́ЧНАЯ ХА́РТЫЯ,

міжнародная прававая дэкларацыя. Падпісана брыт. прэм’ер-міністрам У.Чэрчылем і прэзідэнтам ЗША Ф.Рузвельтам на борце ваен. карабля ў Паўн. Атлантыцы. Абвясціла прынцыпы пасляваен. ўладкавання свету: адмова ад тэр. захопаў і выкарыстання ваен. сілы, права кожнага народа выбіраць форму кіравання, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі, падтрыманне агульнай бяспекі і інш. Садзейнічала ўтварэнню антыгітлераўскай кааліцыі. 24.9.1941 да Атлантычнай хартыі далучылася 10 краін, у тым ліку СССР. Прынцыпы Атлантычнай хартыі паступова ўведзены ў дэкларацыю 26 дзяржаў, падпісаную 1.1.1942 у Вашынгтоне.

т. 2, с. 71