Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АТО́ЖЫЛАК,

малады парастак расліны, гл. ў арт. Парастак.

т. 2, с. 76

АТО́Л

(англ. Atoll ад мальдыўскага),

каралавы востраў, які мае форму суцэльнага або разарванага кальца, што акружае лагуну невял. глыбіні (да 100 м). Утвараюцца ў выніку росту каралавых рыфаў па перыферыі а-воў пераважна вулканічнага паходжання, якія павольна апускаюцца. Звычайна невял., іншы раз дасягаюць 50 км і больш у дыяметры. Пашыраны паасобку і архіпелагамі ў трапічных шыротах Ціхага і Індыйскага акіянаў.

т. 2, с. 76

АТО́ЛАВА,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 16 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёраў. Пл. 8,2 км², даўж. 9,4 км, найб. шыр. 2,2 км, найб. глыб. 16,4 м. Пл. вадазбору 325 км². Даўж. берагавой лініі 38,8 км.

Катлавіна складаная, выцягнутая з У на З, мае некалькі шырокіх плёсаў. Схілы пераважна высокія, месцамі тэрасаваныя, на ПдУ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія, на Пн і ПнЗ зліваюцца са схіламі, там жа озавая града выш. да 30—35 м. Дно з упадзінамі і мелямі, уздоўж берагоў пясчанае, у паўн.-зах. плёсе камяністае і пясчана-галечнае, глыбей сапрапелевае. 7 астравоў агульнай пл. 0,3 км². Расліннасць у паўн.-зах. і паўд. плёсах утварае паласу шыр. да 200 м. Злучана пратокамі з азёрамі Ліпна і Чорная Урада, праз воз. цячэ р. Дзіва.

т. 2, с. 77

АТО́Н,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог сонца; звычайна ўяўляўся ў выглядзе сонечнага дыска. Фараон Аменхатэп IV (Эхнатон) абвясціў Атона адзіным егіпецкім богам. У яго гонар у г. Ахетатон быў пабудаваны вял. храм; руіны храма выяўлены пры археал. раскопках каля сучаснага сяла Тэль-эль-Амарна.

т. 2, с. 77

АТО́Н ФРА́ЙЗІНГЕНСКІ

(Otto von Freising; пасля 1111 — 22.9.1158),

нямецкі гісторык-храніст. Епіскап Фрайзінгенскага манастыра ў Баварыі (з 1138), удзельнік 2-га крыжовага паходу (1147—49). Паміж 1143 і 1146 напісаў «Хроніку», у якой падзеі сусв. гісторыі (да 1146) разглядаў у духу яе тэалагічнага тлумачэння як ажыццяўленне задумы Бога. У «Дзеяннях імператара Фрыдрыха І» (1157—58) падаў гісторыю Германіі з часоў Генрыха IV (1050—1106) да 1156.

т. 2, с. 77

АТО́Н I

(Otto; 23.11.912 — 7.5.973),

германскі кароль з 936, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 962. З Саксонскай дынастыі. У 951 падпарадкаваў Ламбардыю і прыняў тытул італьян. караля. У 955 перамог венграў на р. Лех, прыпыніўшы іх наступленне на захад. У 961 пад выглядам дапамогі выгнанаму жыхарамі папу Іаану XII ажыццявіў паход на Рым. Атрыманая з рук папы імператарская карона (2.2.962) дала пачатак «Свяшчэннай Рымскай імперыі».

т. 2, с. 77

АТО́Н II

(Otto; 955—7.12.983),

кароль і імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» з 973. Сын Атона І. У Германіі ўмацоўваў створаную бацькам епіскапальную сістэму, задушыў сепаратысцкі мяцеж герцага Баварскага (976). Імкнучыся захапіць паўд. Італію, пацярпеў паражэнне ад Візантыі і арабаў (982). Пры ім б.ч. палабскіх славян у выніку паўстання 983 надоўга вызвалілася ад герм. Панавання.

т. 2, с. 77

АТО́Н III

(Otto; 980 — 23.1.1002),

кароль з 983, імператар з 996 «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сын Атона II. Імкнуўся ажыццявіць утапічны план узнаўлення «сусветнай імперыі» з цэнтрам у Рыме.

т. 2, с. 77

АТО́Н IV

(Otto) Браўншвейгскі (каля 1176 або 1182 — 19.5.1218),

кароль з 1198, імператар з 1209 «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Пляменнік англ. караля Рычарда І Львінае Сэрца. Пры ім вялася барацьба Вельфаў, да якіх належаў Атон IV, і Штаўфенаў за герм. прастол. Пасля паражэння пры Бувіне (1214) фактычна страціў уладу.

т. 2, с. 77