Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКО́ЛАВА Валянціна Валянцінаўна

(н. 25.7.1954, в. Мазуршчына Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Полацкае муз.-пед. вучылішча імя Ф.Скарыны (1973), БДУ (1980). Настаўнічала, працавала журналісткай. Друкуецца з 1968. Аўтар зб. паэзіі «За тым лугам зеляненькім» (1987), «Вяртанне ў заўтра» (1990), «Я люблю сваю Белую Русь...» (1990), «Случарыны» (1994), фантаст. паэмы-п’есы «Палачанка Ігрэна, альбо Вяртанне Скарыны» (1990). Лірызм, выкарыстанне фалькл. матываў, вобразаў, стылістыкі — рысы лірыкі Аколавай. Апявае славутых жанчын Беларусі. Перакладае з рус. (зб. «Дзве песні» М.Цвятаевай, 1994), укр., славацкай моў. Паасобныя вершы Аколавай пакладзены на музыку.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 198

АКО́ЛАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖАЛЕ́ЗНЫХ РУ́ДАЎ,

у Беларусі, у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Працягласць руднай зоны каля 10 км, магутнасць да 140 м. Руды — жалезістыя кварцыты (жалеза 26,2%), залягаюць у тоўшчы дакембрыйскіх гнейсаў крышт. фундамента на глыб. 216—300 м. Рудныя гарызонты (4—35 м) перамяжаюцца з праслоямі пустых парод. Запасы руды ацэньваюцца ў 1,5 млрд. т. Радовішча не распрацоўваецца (1995).

т. 1, с. 198

АКО́ЛІЦА,

1) тое, што ваколіца.

2) Тып сельскага паселішча ў Польшчы, Літве, на Украіне і Беларусі ў 16 — пач. 20 ст. Узнікла ў выніку валочнай памеры як паселішча дробнай шляхты, што не мела прыгонных і займалася сельскай гаспадаркай (гл. Ваколічная шляхта). На Беларусі найб. пашырана на З. У 2-й пал. 16 ст. ў Гродзенскім пав. існавала 37 аколіц. У канцы, 18 ст. ў Мінскай губ. было 70 аколіц, у сярэдзіне 19 ст. — 149. Складалася з 3—70 двароў. Забудова была бессістэмная. Назвы пераважна па прозвішчах тых радоў, якія іх засялялі (Абуховічы, Кулікі, Эйсманты).

т. 1, с. 198

АКО́ЛЬНІЧЫ,

прыдворны чын, другі пасля баярына, у Рускай дзяржаве ў 13 — пач. 18 ст. У 14—15 ст. акольнічы ўваходзілі ў склад Думы вял. князёў, займалі пасады ваяводаў, намеснікаў, паслоў, стаялі на чале прыказаў. У 16—17 ст. блізкія да цара акольнічы атрымалі баярскія званні.

т. 1, с. 198

АКО́П,

адкрытае фартыфікацыйнае збудаванне, прызначанае для вядзення агню і ўкрыцця жывой сілы і ваен. тэхнікі. Стралковы акоп (адзіночны, парны, на аддзяленне) мае роў, бруствер, берму і пляцоўкі для ўстаноўкі зброі; на аддзяленне абсталёўваецца і запаснымі кулямётнымі і гранатамётнымі пляцоўкамі, шчылінай або бліндажом, нішамі для боепрыпасаў, зброі і інш. Артыл. і мінамётны акопы маюць пляцоўкі з прымкнутымі да іх раўкамі, у якіх робяцца нішы і шчыліны (бліндажы). Акопы для танкаў, БТР і інш. тэхнікі складаюцца з катлавана з апарэллю, шчыліны і зрэдку нішы для боепрыпасаў. Акоп маскіруюць пад фон навакольнай мясцовасці. У слабых грунтах іх умацоўваюць дзёрнам, галлём і інш. На забалочанай мясцовасці ствараюцца насыпныя акопы, зімой — снежныя.

т. 1, с. 198

АКО́РД

(ад італьян. сугучнасць),

спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні, якія ўспрымаюцца як гукавое адзінства. Асн. элемент гармоніі. Заканамернасць будовы акорда — тэрцавасць складу (гукі размешчаны або шляхам перастановак могуць быць размешчаны па тэрцыях; гл. таксама Абарачэнне). Ніжні гук акорда наз. асноўным тонам. Адрозніваюць 2 класы акорда: тэрцавыя (трохгуччы, септакорды, акорды з секстай, нон-акорды, ундэцым- і тэрцдэцымакорды) і нятэрцавыя монаакорды і поліакорды (акорды складанай структуры, частка якіх, узятая асобна, можа разглядацца як акорд). Выразнасць акорда абумоўлена яго функцыяй, звязанай са становішчам акорда ў ладзе, і фанізмам — характарам гучання, які залежыць ад інтэрвальнага складу, размяшчэння, рэгістра, муз. кантэксту. Найб. пашыраны акорд тэрцавай будовы, ускладненыя храматычнай зменай гукаў — альтэрацыяй; некат. пашырэнне атрымалі акорды квартавай будовы.

Перадформа акорда — двухгучча ў раннім шматгалоссі. Гістарычна першая канцэпцыя акорда — у поліфанічнай музыцы канца 12 ст. Тэрмін «акорд» узнік у 14 ст. У практыцы генерал-баса (17 — 1-я пал. 18 ст.) замацавалася аперыраванне акордамі-комплексамі, якія трактаваліся як кансанантныя і дысанантныя сугуччы. У 18—19 ст. катэгорыя акорда супрацьпастаўляецца сугуччу з неакордавымі гукамі. У 20 ст. рэзка ўзмацнілася санорная трактоўка акорда. (гл. Санорыка), фактар гучнасці.

Літ.:

Гуляницкая Н. Введение в современную гармонию. М., 1984.

т. 1, с. 198

АКО́РДНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

разнавіднасць здзельнай формы заработнай платы, калі аб’ём работы загадзя агавораны ў пагадненні, а аплата ажыццяўляецца за поўнае выкананне гэтага аб’ёму.

т. 1, с. 199

АКО́СТА

(Acosta),

да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.Спінозы.

Г.У.Грушавы.

т. 1, с. 199