АКО́П,

адкрытае фартыфікацыйнае збудаванне, прызначанае для вядзення агню і ўкрыцця жывой сілы і ваен. тэхнікі. Стралковы акоп (адзіночны, парны, на аддзяленне) мае роў, бруствер, берму і пляцоўкі для ўстаноўкі зброі; на аддзяленне абсталёўваецца і запаснымі кулямётнымі і гранатамётнымі пляцоўкамі, шчылінай або бліндажом, нішамі для боепрыпасаў, зброі і інш. Артыл. і мінамётны акопы маюць пляцоўкі з прымкнутымі да іх раўкамі, у якіх робяцца нішы і шчыліны (бліндажы). Акопы для танкаў, БТР і інш. тэхнікі складаюцца з катлавана з апарэллю, шчыліны і зрэдку нішы для боепрыпасаў. Акоп маскіруюць пад фон навакольнай мясцовасці. У слабых грунтах іх умацоўваюць дзёрнам, галлём і інш. На забалочанай мясцовасці ствараюцца насыпныя акопы, зімой — снежныя.

т. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)