АКО́СТА
(Acosta),
да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.Спінозы.
Г.У.Грушавы.
т. 1, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)