АКЧАГЫ́ЛЬСКАЕ МО́РА
(па ўрочышчы Акчагыл на Краснаводскім п-ве),
існавала ў познім пліяцэне (каля 1,8—3,2 млн. гадоў назад) на ПдУ Еўропы на месцы Каспійскага м. і Прыкаспійскай нізіны. У пэўныя перыяды злучалася з басейнам, які быў на месцы Азоўскага мора. Намнажаліся адклады: вапнякі, мергелі, гліны, пяскі. Час існавання вызначаюць па характэрным акчагыльскім комплексе малюскаў.
т. 1, с. 224
АКЧАКА́Я,
Акджакая, бяссцёкавая ўпадзіна на ПнЗ пустыні Каракумы, самая глыбокая ў Туркменіі. Даўж. каля 50 км, шыр. каля 6 км, адносная глыб. 200 м. Дно ўпадзіны ляжыць на 81 м ніжэй за ўзровень мора.
т. 1, с. 224