Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АКСА́К

(сапр. Арлова) Валянціна Іванаўна (н. 28.4.1953, в. Смалічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1975). Настаўнічала, працавала журналісткаю. З 1992 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1987. Аўтар зб-каў вершаў «Цвінтар» (1992), «Капліца» (1994). У лірыцы побач з інш. распрацоўвае хрысціянскія матывы і вобразы.

т. 1, с. 202

АКСАКА́Л

(цюрк. літар. белая барада),

у цюркскіх народаў пры першабытнаабшчынным ладзе галава роду, старэйшына; з развіццём феадалізму — прадстаўнік патрыярхальна-феад. знаці. Пазней аксакал — выбарны стараста, паважаны чалавек.

т. 1, с. 202

АКСА́КАЎ Іван Сяргеевіч

(8.10.1823, с. Надзеждзіна Уфімскай губ. — 8.2.1886),

расійскі паэт і публіцыст, адзін з кіраўнікоў славянафілаў. Сын С.Ц.Аксакава. Скончыў Пецярбургскае вучылішча правазнаўства (1842). У 1840—60-я г. выступаў за адмену прыгоннага права і цялесных пакаранняў. Рэдагаваў славянафільскія час. і газ. «Русская беседа», «День», «Москва», «Русь» і інш. У 1858—78 адзін з кіраўнікоў маскоўскага Слав. к-та. У рус.-тур. вайну 1877—78 арганізаваў кампанію ў падтрымку паўд. славян. Прытрымліваўся манархічных вялікадзярж. поглядаў, у т. л. адмаўляў этн. самастойнасць беларусаў, прапагандаваў ідэі панславізму. Аўтар вершаў, паэмы «Бадзяга» (1852) пра трагічны лёс прыгоннага селяніна.

т. 1, с. 202

АКСА́КАЎ Канстанцін Сяргеевіч

(10.4.1817, с. Новааксакава Арэнбургскай губ. — 19.12.1860),

расійскі гісторык, філолаг, паэт і публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафілаў. Сын С.Ц Аксакава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1835). Гал. асаблівасць Расіі бачыў у абшчынным ладзе, гарманічным суіснаванні дзвюх рухаючых сіл гісторыі — народа («зямлі») і дзяржавы («улады»), парушаных рэформамі Пятра I. Выступаў за адмену прыгоннага права і за ліберальныя пераўтварэнні. Яго вершы («Вяртанне», «Пятру», «Масква», «Свабоднае слова») і п’есы «Вызваленне Масквы ў 1612 годзе» (1848), «Алег каля Канстанцінопаля» (1858)] прасякнуты рамантычна-славянафільскім духам. Выступаў супраць крытычнага кірунку ў рус. л-ры. Даследаваў нац. асаблівасці грамат. ладу рус. мовы.

т. 1, с. 202

АКСА́КАЎ Сяргей Сяргеевіч

(7.1.1891, г. Самара — 4.9.1968),

бел. кампазітар. Скончыў Аляксандраўскі ліцэй у С.Пецярбургу (1914). Музыцы вучыўся ў К.Ігумнава, А.Грачанінава, Ю.Энгеля. Працаваў у Полацку, Пскове, Самары, Харбіне, Шанхаі. З 1955 у Мінску, выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры Бел. кансерваторыі. У праграмных інстр. творах увасобіў карціны бел. прыроды і побыту, сюжэты і вобразы нац. л-ры: сімф. паэмы «У Тураўскай пушчы» паводле верша У.Дубоўкі і «Лясная казка» па матывах твораў Я.Коласа, канцэртная уверцюра «Сельскае свята» і балада для сімф. аркестра; фантазія для фп. з арк. «Над Нёманам», рамансы і хары на словы бел. паэтаў. З інш. тв.: кантата «Памяці Пушкіна»; сімфонія, канцэрт для фп. з арк., інстр. п’есы.

т. 1, с. 203

АКСА́КАЎ Сяргей Цімафеевіч

(1.10.1791, г. Уфа — 12.5.1859),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім ун-це (1805—07). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1856). З 1843 жыў у маёнтку Абрамцава. Літ. дзейнасць пачаў у 1820-я г. як тэатр. рэцэнзент. Першы маст. нарыс «Буран» (1834). У кн. «Запіскі пра тое, як вудзіць рыбу» (1847), «Запіскі ружэйнага паляўнічага Арэнбургскай губерні» (1852), «Апавяданні і ўспаміны паляўнічага пра розныя паляванні» (1855) выступіў як уважлівы назіральнік паводзін, звычак звяроў, птушак і рыб. Вяршыня творчасці — аўтабіягр. аповесці «Сямейная хроніка» (1856) і «Дзіцячыя гады Багрова-ўнука» (1858), у якіх стварыў шырокую панараму памешчыцкага побыту канца 18 ст. Пісаў артыкулы, рэцэнзіі, нататкі пра л-ру і тэатр, мемуары («Літаратурныя і тэатральныя успаміны», 1856—58, «Гісторыя майго знаёмства з Гогалем», 1852—55, незаконч.; апубл. 1890) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1986.

т. 1, с. 203

АКСАЛА́ТНАЯ КІСЛАТА́,

гл. Шчаўевая кіслата.

т. 1, с. 203

АКСАЛА́ТЫ,

вытворныя шчаўевай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Аксалаты (эфіры) — вадкасці (напр., дыэтылаксалат C2H5OOC—COOC2H5, tкіп 185,4 °C), растваральныя ў спіртах, эфірах, нерастваральныя ў вадзе. Атрымліваюць этэрыфікацыяй шчаўевай к-ты адпаведным спіртам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смолаў, вытворных цэлюлозы. Аксалаты (солі) — крышт. рэчывы, раскладаюцца без плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. Пашыраны ў прыродзе: водарасці, грыбы, лішайнікі, папараці маюць у саставе аксалаты кальцыю; мінералы — аксалаты жалеза. Выкарыстоўваюцца як рэагенты ў аналітычнай хіміі, як праяўляльнікі ў фатаграфіі і інш. Утварэнне аксалата кальцыю ў арганізме чалавека — прычына ўзнікнення нырачна- і жоўцекамянёвай хваробы.

т. 1, с. 203

АКСАЛО́ТЛЬ

(ацтэкскае літар. вадзяная цацка),

лічынка тыгравай амбістомы. Жыве ў вадаёмах Цэнтр. Амерыкі.

Даўж. 20—25 см. Здольная да размнажэння (гл. Неатэнія). Мае шчэлепы. Да сярэдзіны 19 ст. лічыўся самастойным відам (упершыню ператварэнне ў амбістому назіралі ў 1865). Страта здольнасці аксалотля да нармальнага ператварэння — вынік недастатковага развіцця шчытападобнай залозы; дабаўленне ў ежу або ін’екцыя гармона гэтай залозы прыводзіць да ператварэння аксалотля ў амбістому. Кладзе да 500 яец. Выкарыстоўваецца для доследаў у біялогіі.

т. 1, с. 203

Аксаментава Ніна Веньямінаўна

т. 18, кн. 1, с. 331