АНЬХО́Й,
Аньхуэй, правінцыя на У Кітая, у нізоўях рэк Янцзы і Хуанхэ. Пл. каля 140 тыс. км². Нас. 56 млн. чал. (1990). Адм. ц. — Хэфэй. Гал. парты: Уху, Юйцыкоў, Банбу. На Пн — нізінная тэр. Вял. Кітайскай раўніны. Зах. і паўд. часткі — сярэдневышынныя горы (макс. выш. больш за 1800 м). Клімат субтрапічны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да +4 °C, ліп. 24—28 °C, ападкаў 600—1500 мм за год з летнім максімумам. Лясы хваёвыя і шыракалістыя. Бязлесная раўніна з урадлівымі карбанатнымі алювіяльнымі глебамі амаль цалкам распрацавана. Густая гідраграфічная сетка, аснову якой складае р. Хуанхэ з прытокамі, мноства дробных азёраў. Разбуральныя паводкі р. Хуанхэ ліквідаваны пры дапамозе пабудаваных вадасховішчаў. Аньхой — адзін з асноўных с.-г. раёнаў краіны (рыс, чай, проса, тытунь, пшаніца, соя, батат, кукуруза, бавоўнік). Развіты свінагадоўля, развядзенне рыбы. Здабыча каменнага вугалю (Хуайнанскі бас.), жал. руды (у Данту), медзі (у Тунгуаньшані), серы, фасфарытаў. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Металургічная, маш.-буд., хім., папяровая прамысловасць.
т. 1, с. 410
АНЬША́НЬ,
горад на ПнУ Кітая, у даліне р.Ляахэ, у правінцыі Ляанін. Каля 1,4 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Цэнтр здабычы жал. руды і чорнай металургіі (найбольшы ў краіне металургічны камбінат). Цяжкае машынабудаванне, нафтаперапр., хім., цэментны з-ды.
т. 1, с. 410
АНЬЯ́ЛЬСКІ САЮ́З,
палітычная групоўка афіцэраў шведскай арміі (113 афіцэраў-дваран), якая выступіла ў 1788 супраць абсалютызму караля Густава III. 12.8.1788 у мяст. Аньяла (Паўд. Фінляндыя) яны склалі «Дэкларацыю аньяльскіх канфедэратаў», або «Умову фінскай арміі», дзе патрабавалі ад караля спыніць распачатую ім без згоды парламента вайну з Расіяй, уступіць з ёю ў перагаворы аб міры, вярнуцца да канстытуцыйнага праўлення; ч. афіцэраў дамаглася дзярж. аддзялення Фінляндыі ад Швецыі. Удзельнікі саюза ўступілі ў кантакт з рас. урадам. Не атрымаўшы падтрымкі ў Швецыі і Пецярбургу, Аньяльскі саюз распаўся восенню 1788, яго ўдзельнікі арыштаваны і асуджаны.
т. 1, с. 410
АНЬЯ́Н,
стараж. горад, рэшткі якога захаваліся недалёка ад сучаснага г. Аньян (правінцыя Хэнань, Кітай); апошняя сталіца дынастыі Шан-Інь. Заснаваны Пань Гэнам у 14 ст. да н.э., разбураны ў 1027 да н.э. плямёнамі чжоў. Памеры горада каля 292 х 143 м, вонкавых умацаванняў, верагодна, не было. Раскопкамі выяўлены рэшткі палацаў, храмаў, магільныя скляпы іньскіх правіцеляў і знаці, шматлікія жытлы. Найб. цікавыя знаходкі ў царскіх пахаваннях, куды разам з царом хавалі яго світу з конямі, клалі пахавальныя прынашэнні.
т. 1, с. 410