Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНІ́ВА,

заліў Ахоцкага м., каля паўд. берага в. Сахалін, паміж п-авамі Крыльёнскім і Таніна-Аніўскім. Даўж. 90 км, шыр. 104 км, глыб. да 93 м. Шырока адкрыты ў паўд.-зах. частку Ахоцкага м. Багаты рыбай (ласасёвыя, селядцы, траска, камбала). На беразе — гарады Аніва, Карсакаў.

т. 1, с. 367

АНІГІЛЯ́ЦЫЯ

(ад лац. annihilatio знішчэнне, знікненне),

працэс узаемадзеяння элементарнай часціцы з яе антычасціцай, у выніку якога яны ператвараюцца ў інш. элементарныя часціцы. Адбываецца ў адпаведнасці з захавання законамі. Анігіляцыя электронна-пазітроннай пары (e​- — e​+) у 2 або 3 фатоны і адваротны працэс нараджэння яе фатонамі былі прадказаны англ. фізікам П.Дзіракам (1931), выяўлены эксперыментальна франц. фізікамі І. і Ф.Жаліо-Кюры (1933) і дакладна апісаны ў квантавай электрадынаміцы. У фізіцы высокіх энергій анігіляцыя — адзін з імаверных каналаў (прамежкавых стадый) працэсаў узаемадзеяння часціцы з антычасціцай, што ажыццяўляецца за кошт электрамагн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Напр., пры сутыкненнях высокаэнергет. (e​- — e​+) пучкоў акрамя анігіляцыі ў фатоны магчымы пругкае і няпругкае рассеянне, ператварэнне ў інш. пары (μ​- — μ​+, ν — ν̃, π — π​+ і г.д.), утварэнне звязаных недаўгавечных сістэм (пазітроній, кварконій і інш.) або абсалютна нейтральных часціц (γ, p, η​0 → ), а ў канчатковым выніку — множнае нараджэнне часціц, пераважна адронаў. Сучасныя паскаральнікі на сустрэчных пучках даюць магчымасць атрымаць усе вядомыя элементарныя часціцы, у т. л. самыя масіўныя, напр. слабыя базоны w​(-), w​(+), z​(0).

Літ.:

Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.

А.А.Богуш.

т. 1, с. 367

АНІ́Д,

гл. ў арт. Поліамідныя валокны.

т. 1, с. 367

АНІЁН,

гл. Іоны.

т. 1, с. 367

АНІЗАГА́МІЯ

(ад грэч. anisos неаднолькавы + ...гамія),

тып палавога працэсу, калі зліваюцца палавыя клеткі (гаметы), якія адрозніваюцца памерам, формай або паводзінамі пры зліцці. Напр., у некаторых водарасцяў анізагамія заключаецца ў зліцці мужчынскіх і жаночых гамет, адна з якіх менш рухомая або большая за другую. Часам гэты працэс наз. гетэрагаміяй, а паняцце «анізагамія» выкарыстоўваюць у адносінах да прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя. Для вышэйшых раслін і мнагаклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія. Гл. таксама Ізагамія.

т. 1, с. 367

АНІЗАМЕ́ТР МАГНІ́ТНЫ

(ад грэч. anisos неаднолькавы + ...метр),

прылада для вызначэння магнітнай анізатрапіі монакрышталёў і тэкстураваных матэрыялаў. Прынцып дзеяння: доследны ўзор змяшчаюць у моцнае аднароднае магн. поле; папярочная кампанента вектара намагнічанасці, што ўзнікае, ўтварае момант вярчэння, які імкнецца павярнуць узор. Момант вярчэння кампенсуецца момантам, што ствараюць пругкія мех. элементы прылады. Вугал павароту ўзору адлічваецца па шкале пры розных напрамках поля. Па выніках вымярэнняў разлічваюцца, канстанты анізатрапіі і ацэньваецца ступень дасканаласці тэкстуры. Анізаметр магнітны дае магчымасць даследаваць масіўныя ўзоры, ферамагн. плёнкі, матэрыялы ў вытв. умовах; інтэрвал т-р ад 1300 К да геліевых (~1К); напружанасць магн. поля да 4000 кА/м.

т. 1, с. 367

АНІЗАТРАПІ́Я

(ад грэч. anisos неаднолькавы + tropos напрамак),

1) у фізіцы — залежнасць фіз. (мех., аптычных, магн. і інш.) уласцівасцяў рэчыва ад напрамку. Натуральная анізатрапія — характэрная асаблівасць крышталёў; абумоўлена іх сіметрыяй і выяўляецца тым больш, чым яна меншая. Анізатрапія некаторых вадкасцяў (напр., вадкіх крышталёў) тлумачыцца асіметрыяй і пэўнай арыентацыяй малекул. У аморфных і полікрышталічных рэчывах анізатрапія бывае пры наяўнасці прыроднай (напр., драўніна) або штучнай тэкстуры (напр., пры пракатцы ліставой сталі зерні металу арыентуюцца ўздоўж напрамку пракаткі, у выніку чаго ствараецца анізатрапія мех. уласцівасцяў). Анізатрапія многіх уласцівасцяў крышталёў, напр. лінейнага цеплавога расшырэння, электраправоднасці, пругкіх уласцівасцяў, характарызуецца значэннямі адпаведных пастаянных уздоўж гал. восі сіметрыі і ўпоперак да яе. Аптычная анізатрапія выяўляецца ў выглядзе падвойнага праменепраламлення, дыхраізму, змен характару палярызацыі і вярчэння плоскасці палярызацыі святла. Натуральная аптычная анізатрапія крышталёў абумоўлена неаднолькавасцю ў розных напрамках поля сіл, якія ўтрымліваюць атамы ці іоны рашоткі. Штучная анізатрапія ствараецца ў ізатропных асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых сіл ці палёў, што вызначаюць у асяроддзях пэўныя напрамкі, напр., у выніку ўздзеяння пругкіх дэфармацый, эл. поля, магн. поля (гл. Катона—Мутона эфект, Фарадэя эфект).

2) Анізатрапія ў геалогіі абумоўлена мікраслаістасцю, упарадкаванай арыентацыяй зерняў і крышталёў і мікратрэшчынаватасцю горных парод і мінералаў. Крышталі розных мінералаў выяўляюць анізатрапію розных уласцівасцяў: слюды — аптычных, мех. (спайнасці, пругкасці, трываласці); дыстэну — цвёрдасці; кварцу, турмаліну — аптычных, п’езаэлектрычнага эфекту; магнетыту — ферамагнітных; кальцыту — аптычных. Анізатрапія некаторых мінералаў выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні. Анізатрапія масіваў горных парод вызначаецца ўпарадкаванымі лінейнымі ці плоскаснымі элементамі будовы (стратыфікаваныя асадкавыя і метамарфічныя тоўшчы горных парод з лінейна арыентаванымі структурамі, слаістасцю, макратрэшчынаватасцю і інш.). Пры горных работах найб. значэнне маюць дэфармацыйныя ўласцівасці парод.

3) У батаніцы — здольнасць розных органаў адной і той жа расліны займаць рознае становішча пры аднолькавым ўздзеянні пэўнага фактара вонкавага асяроддзя. Напр., пры бакавым асвятленні расліны яе верхавінка выгінаецца ў бок крыніцы святла, а лісцевыя пласцінкі займаюць перпендыкулярнае напрамку прамянёў становішча.

Літ.:

Шаскольская М.П. Очерки о свойствах кристаллов. 2 изд. М., 1978;

Сиротин Ю.М., Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 изд. М., 1979.

т. 1, с. 368

АНІЗАТРО́ПНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, уласцівасці якіх (мех., фіз. і інш.) неаднолькавыя па розных напрамках унутры гэтых матэрыялаў (гл. Анізатрапія). Да анізатропных матэрыялаў адносяцца монакрышталі, валакністыя і плёначныя матэрыялы, жалезабетон, пластмасы са слаістымі напаўняльнікамі (гетынакс, тэксталіты, шкло- і вугляпластыкі і інш.), кампазіцыйныя матэрыялы. Выкарыстанне анізатропных матэрыялаў скарачае расход матэрыялаў і паляпшае якасць канструкцый. Напр., трансфарматары са стрыжнямі з анізатропнай тэкстураванай сталі прыкладна на 20—40% лягчэйшыя за трансфарматары са стрыжнямі з гарачакачанай звычайнай сталі.

т. 1, с. 368

АНІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

армянская феад. дзяржава (860—1045) са сталіцай у г. Ані (зараз Турцыя). Узнікла ў выніку аб’яднання Арменіі Багратыдамі і вызвалення ад улады Арабскага халіфата. Найбуйнейшае сярод феад. дзяржаў сярэдневяковай Арменіі, аб’ядноўвала яе большую частку. Высокага ўзроўню развіцця дасягнулі ў Анійскім царстве рамёствы і гандаль, навука, архітэктура, л-ра і мастацтва. Узмацненне феад. эксплуатацыі выклікала антыфеад. нар. рух тандракійцаў. У 10 ст. ў выніку феад. раздробленасці ў Анійскім царстве ўтварылася некалькі царстваў — васалаў Багратыдаў. У 1045 заваявана Візантыяй.

т. 1, с. 368

АНІ́КАВІЦКІ БАНДА́РНА-ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў в. Анікавічы (Горацкі р-н Магілёўскай вобл.). Вырабляў бочкі, пілаваны лес. У 1908 меў лакамабіль, працавалі 96 чал. У 1910—13 былі 2 лакамабілі.

т. 1, с. 368