Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́НСА

(ANSA; Agenzia Nazionale Stampa Associata Нац. агенцтва аб’яднанага друку),

італьянскае інфарм. агенцтва. Засн. ў 1945 у Рыме ўладальнікамі італьян. газетных і часопісных выд-ваў. Мае дагаворы на абмен інфармацыяй з найбуйнейшымі сусв. агенцтвамі, шырокую сетку карэспандэнцкіх пунктаў у краіне і за яе межамі.

т. 1, с. 375

АНСА́МБЛЬ

(франц. ensemble літар. разам) у архітэктуры і горадабудаўніцтве, гарманічнае адзінства прасторавай кампазіцыі будынкаў, інж. збудаванняў (масты, набярэжныя і інш.),

манум. жывапісу і скульптуры, зялёных насаджэнняў. Ствараецца за невял. адрэзак часу, паводле адзінай задумы і ў адным стылі (Скарыны праспект у Мінску, Гарадніца ў Гродне і інш.) або за працяглы час дапаўненнем першапач. кампазіцыі. Цэласнасць такога ансамбля дасягаецца толькі пры захаванні агульных прынцыпаў яго пабудовы, арган. спалучэнні новага са старым (ансамбль Крамля Маскоўскага, П’яцца Сан-Марка ў Венецыі, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу, Жыровіцкі Успенскі манастыр). Для больш глыбокага раскрыцця ідэйна-вобразнай сутнасці ансамбля і эмацыянальнага ўздзеяння на гледача ў яго кампазіцыю часам уключаюць творы розных відаў мастацтва (гл. Сінтэз мастацтваў): пл. Дзекабрыстаў у С.-Пецярбургу з помнікам Пятру І, палацава-паркавыя ансамблі 17—18 ст. (Версаль, Петрадварэц, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.), плошчы Перамогі ў Мінску і Віцебску. Прынцыпы ансамблевасці забудовы закладваюцца ў генпланах.

У кампазіцыі ансамбля адрозніваюць: глыбінна-прасторавую будову перспектывы (уздоўж выцягнутай плошчы, праспекта, вуліцы, бульвара), замкнёную ці напаўзамкнёную прастору, абмежаваную забудовамі ці зялёнымі насаджэннямі (гар. і паркавыя плошчы, унутрыквартальныя прасторы і інш.), жывапісную (гал. чынам у пейзажных парках і зялёных зонах). Як твор мастацтва ансамбль падпарадкоўваецца агульным прынцыпам пабудовы маст. формы (гарманічныя суадносіны частак і цэлага, вылучэнне гал. элементаў кампазіцыі і інш.). Пры стварэнні ансамбля актыўна выкарыстоўваюць сіметрыю, асіметрыю, маштаб, прапорцыі, кантраст, нюанс і інш. сродкі арх. выразнасці.

Літ.:

Иконников А.В. Эстетические проблемы архитектуры. М., 1970;

Формирование архитектурных ансамблей в современном городе. М., 1974.

Ю.Н.Кішык.

т. 1, с. 375

АНСА́МБЛЬ,

1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл. Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).

2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.

3) Стройнасць, зладжанасць выканання.

4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.Купалы («Паўлінка» Я.Купалы, «Трыбунал» А.Макаёнка), імя Я.Коласа («Несцерка» В.Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.Козела) і інш.

І.Дз.Назіна (музыка).

т. 1, с. 375

АНСА́МБЛЬ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА БЕЛАРУ́СКАЙ ФІЛАРМО́НІІ.

Існаваў у 1937—41 у Мінску. Першы на Беларусі прафес. калектыў падобнага тыпу. Маст. кіраўнік І.Любан, хормайстар Н.Сакалоўскі, балетмайстар К.Алексютовіч. Рэпертуар уключаў апрацоўкі бел. нар. песень, арыгінальныя песні пераважна бел. кампазітараў, бел. і інш. нар. танцы, вак.-харэагр. карцінкі. Удзельнік Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940). Адыграў вял. ролю ў прапагандзе традыц. і сучаснага песеннага і танц. бел. фальклору.

Літ.:

Ансамбль Белорусской народной песни и пляски Государственной филармонии БССР. Мн., 1939.

Л.К.Алексютовіч.

т. 1, с. 376

АНСА́МБЛЬ НАРО́ДНАГА ТА́НЦА РАСІ́І,

адзін з буйнейшых харэагр. калектываў Расіі. Створаны ў 1937 у Маскве, да 1991 наз. Ансамбль нар. танца СССР, з 1965 акадэмічны. Арганізатар і маст. кіраўнік І.Майсееў.

У рэпертуары танцы народаў свету, у т. л. бел. («Лявоніха», «Бульба», «Юрачка», «Янка»), канцэртныя мініяцюры, харэагр. сюіты, фалькл. цыклы («Партызаны», «Руская сюіта», малд. сюіта «Жок», укр. сюіта «Вяснянкі», «Карцінкі мінулага», «Танцы славянскіх народаў», «Па краінах свету», праграма «Дарога да танца» і інш.), што сталі ўзорамі ў галіне мастацтва нар. танца і з’яўляюцца вынікам зліцця самабытнай нар. творчасці з акад. асновай танца. Выступае ў суправаджэнні малога сімф. аркестра, у складзе якога трупа нар. інструментаў. Пры ансамблі працуе школа-студыя.

т. 1, с. 376

АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА,

вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з вакальнай, харэаграфічнай і аркестравай груп і аб’ядноўвае ў выступленнях розныя віды і жанры муз. і харэагр. мастацтва. Група нумароў часта ўтварае тэматычную вак.-харэагр. кампазіцыю, звычайна з элементамі тэатралізацыі. Вядзе гісторыю ад Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В.Аляксандрава (з 1928), набыў папулярнасць у многіх краінах («Мазоўша» і «Шлёнск» у Польшчы; «Слук» у Чэхіі; «Кола» ў Югаславіі і інш.). На Беларусі вядомы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы (гл. Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь), Ансамбль песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль «Белыя росы», шматлікія самадзейныя калектывы.

т. 1, с. 376

АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА РАСІ́ЙСКАЙ А́РМІІ імя А.В.Аляксандрава, вялікі армейскі мастацкі калектыў; даў пачатак развіццю новага віду масавага мастацтва — ансамбля песні і танца. Створаны ў 1928 пры Цэнтр. Доме Чырв. Арміі, з 1978 акадэмічны. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.В.Аляксандраў, у 1946—86 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.А.Аляксандраў.

У рэпертуары творы рас. кампазітараў пераважна ваен.-патрыят. тэматыкі, нар. песні і танцы, творы рус. і замежнай класікі. Найб. папулярнасць у выкананні ансамбля набылі песні «Свяшчэнная вайна» А.В.Аляксандрава і «Калінка» ў яго апрацоўцы. У складзе ансамбля мужчынскі хор, аркестр і танц. група.

т. 1, с. 377

АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Існуе з 1938, да 1992 наз. Ансамбль песні і танца Бел. ваен. акругі. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.Усачоў. З 1949 базіруецца ў Мінску. У складзе ансамбля мужчынскі хор, танц. група і эстрадна-сімф. аркестр. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор У.Ермалаеў (з 1994), гал. хормайстар Б.Кір’янаў, сярод салістаў А.Кузняцоў, У.Яскевіч і інш.

У рэпертуары ваен.-патрыят. творы, рус. і зарубежная класіка, сучасная эстрадная музыка, бел., рус. і ўкр. нар. песні і танцы, творы бел. кампазітараў, вак.-харэагр. кампазіцыі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Гастраліраваў у Францыі, Германіі, Польшчы і інш.

т. 1, с. 377

АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА,

вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з харэагр. і аркестравай груп і мае на мэце прапаганду харэагр. фальклору, развіццё нар.-сцэнічнага танца. У рэпертуары танцы, тэматычныя харэагр. кампазіцыі, сюжэтныя пастаноўкі з элементамі тэатралізацыі. Першы прафес. ансамбль танца — Ансамбль народнага танца Расіі (1937). На Беларусі найб. вядомыя калектывы падобнага тыпу: Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча (1926—30), танц. калектыў пад кіраўніцтвам А.Рыбальчанкі (з 1936), Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь (з 1959), харэагр. ансамблі «Харошкі», «Чараўніцы» і інш., шматлікія самадз. калектывы.

т. 1, с. 377

АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА Мінскага клуба КІМ, першы на Беларусі самадзейны маладзёжны харэаграфічны калектыў. Існаваў у 1926—30. Маст. кіраўнік К.Алексютовіч. У рэпертуары пастаўленыя ім нар. і сцэнічныя танцы (сцэн. варыянты традыц. бел. танцаў «Мікіта», «Лянок», «Казачок», «Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Юрачка»), харэагр. карцінкі і сюжэтныя танцы сучаснай тэматыкі. Адыграў важную ролю ў справе далучэння прац. моладзі да маст. Культуры.

Л.К.Алексютовіч.

т. 1, с. 377