АНЕГЕ́Р
(Honegger) Арцюр (10.3.1892, г. Гаўр — 27.11.1955),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1938). Буйнейшы майстар франц. музыкі 20 ст. У сваёй яркай, у многім наватарскай творчасці апіраўся на нац. традыцыі. На аснове сінтэзу элементаў розных мастацтваў стварыў новыя разнавіднасці сцэн. жанраў. З 1920-х г. працаваў пераважна ў оперна-аратарыяльным жанры (драм. араторыі «Цар Давід», 1921; «Жанна д’Арк на вогнішчы», 1935, паст. 1938, у Мінску 1971). З 1940-х г. пісаў пераважна сімф. музыку. Аўтар опер «Юдзіф» (паст. 1926), «Антыгона» (паст. 1927), «Арляня» (1937); сцэн. араторый «Крыкі свету» (1932), «Скокі мёртвых» (1938), драм. легенды «Нікала з Флю» (1941); «Каляднай кантаты» (1953); балетаў, аперэт; 5 сімфоній (1930—50); арк. твораў, у т. л. «Пасіфік 231» (1923) і «Рэгбі» (1928); канцэртаў; музыкі для т-ра, радыё і кіно. Адзін з арганізатараў і віцэ-прэзідэнт Міжнар. муз. савета, прэзідэнт Міжнар. федэрацыі і асацыяцыі аўтараў тэатр. музыкі.
Літ. тв.: Рус. пер. — Я — композитор. Л., 1963.
Літ.:
Филенко Г. Онеггер // Музыка XX века: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
т. 1, с. 364
АНЕ́ГІН
(Onegin; сапр. Хофман; Hoffman) Сігрыд (1.6.1891, Стакгольм — 16.6.1943),
нямецкая спявачка (кантральта, мецца-сапрана). Жонка рус. піяніста і кампазітара Я.Б.Львова (псеўд. Анегін). У 1912—31 салістка оперных т-раў Штутгарта, Мюнхена, Нью-Йорка («Метраполітэн-опера»), Берліна. Удзельніца Байройцкіх фестываляў. Найб. поспеху дасягнула выкананнем гал. партый у операх Р.Вагнера. Сярод інш. партый: Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда», Дж.Вердзі).
т. 1, с. 364
АНЕ́ГІН Яўген Яўгенавіч
(н. 17.7.1932, г. Кастрама),
бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р тэхн. н. (1982), праф. (1989). Скончыў БПІ (1950). З 1957 на Мінскім з-дзе аўтам. ліній, з 1963 у навукова-вытв. аб’яднанні «ПЛАНАР», з 1973 яго ген. дырэктар. Навук. працы па дакладным машынабудаванні для мікраэлектронікі, асновах праектавання прэцызійнага тэхнал. абсталявання для вытв-сці інтэгральных схем. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Точное машиностроение для микроэлектроники. М., 1986;
Автоматическая сборка ИС: Технол. процесс. Оборудование. Управление. Техн. зрение. Привод: Справ. пособие. Мн., 1990 (разам з В.А.Зяньковічам, Л.Р.Бітно).
т. 1, с. 364
АНЕ́ГІНСКАЯ СТРАФА́,
страфа з 14 радкоў 4-стопнага ямба з рыфмоўкай АбАбВВггДееДжж. Створана А.Пушкіным для рамана ў вершах «Яўген Анегін». У першым 4-радкоўі перакрыжаваная рыфма, у другім — сумежная, далей апаясаная. Звычайна кожная страфа мае закончаную думку і з’яўляецца «вершам у вершы», таму выкарыстоўваецца выключна ў паэт. жанрах з мнагапланавым развіццём сюжэта. Анегінскую страфу выкарыстаў М.Лермантаў у паэме «Тамбоўская казначэйша» і інш.
т. 1, с. 365
АНЕ́ЖСКАЕ ВО́ЗЕРА,
Анега, возера на ПнЗ Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі, у Карэліі, Ленінградскай і Валагодскай абласцях. Пл. 9,7 тыс. км² (без а-воў). Даўж. 256 км, шыр. каля 91,6 км, глыб. да 127 м. Пасля пабудовы Верхнясвірскай ГЭС стала вадасховішчам (9950 км²). Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Паўн. берагі высокія, скалістыя, расчлянёныя вузкімі залівамі-губамі — Петразаводскай, Кондапажскай, Ліжэмскай і інш. і Павянецкім зал., паўднёвыя — пераважна нізкія, часта забалочаныя. 1369 а-воў агульнай пл. 250 км²; найбольшыя — Вял. Клімецкі і Вял. Лелікаўскі. Т-ра паверхневых слаёў вады ў жн. ў адкрытай частцы да 20—24 °C, у залівах да 24—27 °C. Замярзае ў ліст., крыгалом у маі. Цэнтр. ч. ў асобныя гады не замярзае. На возеры назіраюцца сейшы. Празрыстасць вады да 8—9 м, каля берагоў 1—4 м. Вада прэсная, з мінералізацыяй 35 мг/л. Упадаюць 58 рэк, найб. Выцегра, Водла, Суна, Шуя; выцякае р. Свір. Каля 50 відаў рыб, 17 маюць прамысл. значэнне (сіг, рапушка, корушка, мянтуз, лешч, акунь, шчупак, ласось і інш.). Рыбалоўства. Суднаходства. Возера злучана Беламорска-Балтыйскім каналам з Белым м., Волга-Балтыйскім водным шляхам — з бас. Волгі. Уздоўж паўд. берага Анежскі суднаходны канал. На Анежскім возеры музей Кіжы (на аднайм. в-ве). На берагах гарады Петразаводск, Кондапага, Мядэведжагорск, Павянец.
т. 1, с. 365
АНЕ́ЖСКАЯ ГУБА́,
Анежскі заліў, каля паўднёвага берага Белага м. Даўж. 185 км, шыр. 50—100 км, глыб. да 36 м. Шмат а-воў (самы вялікі Салавецкі) і камяністых меляў. Упадаюць рэкі Анега, Выг, Кем. Цячэнні моцныя, пераважна прыліўныя. Выш. прыліваў да 2,72 м. Зімой замярзае. Ледастаў у сярэднім 185 дзён. На зах. беразе каля г. Беламорск пачатак Беламорска-Балтыйскага канала. Парты: Анега, Беламорск.
т. 1, с. 365
АНЕКДО́Т
(франц. anecdote ад грэч. anekdotos нявыдадзены),
кароткае апавяданне жартоўнага ці сатыр. зместу пра незвычайную падзею, сітуацыю, рысу характару ці ўчынак чалавека; жанр фальклору. Спецыфічныя рысы анекдота: аднаэпізадычнасць, лаканічнасць, дакладная расстаноўка герояў, нечаканая камічная развязка. Блізкі да нар. жарту, гумарэскі.
У зах.-еўрап. народаў жанры, блізкія да анекдота — фабліо, фацэцыя, шванк. Тэрмін «анекдот» упершыню ўжыты ў Візантыі ў дачыненні да «Таемнай гісторыі» («Anekdota», 6 ст.) Пракопія Кесарыйскага. Да сярэдзіны 19 ст. да анекдота адносілі кароткія апавяданні пра здарэнні з вядомымі гіст. асобамі.
Бел. анекдоты публікаваліся ў зб. П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, М.Федароўскага і інш., у календарах, прэсе. Народныя анекдоты выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Ядвігін Ш., Я.Колас, К.Чорны, Б.Сачанка і інш. бел. пісьменнікі.
Публ.:
Народныя ўсмешкі. Мн., 1961;
Беларускія народныя жарты. Мн., 1970;
Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.
А.С.Фядосік.
т. 1, с. 365
АНЕ́КСІЯ
(ад лац. annexio далучэнне),
захоп адной дзяржавай часткі або ўсёй тэрыторыі інш. дзяржавы, а таксама гвалтоўнае ўтрыманне народнасці ў межах чужой дзяржавы. Анексія — грубае парушэнне міжнар. права. Статут ААН дэкларуе права нацый на самавызначэнне і абавязвае членаў ААН устрымлівацца ад анексіі.
т. 1, с. 365