АНЕКДО́Т

(франц. anecdote ад грэч. anekdotos нявыдадзены),

кароткае апавяданне жартоўнага ці сатыр. зместу пра незвычайную падзею, сітуацыю, рысу характару ці ўчынак чалавека; жанр фальклору. Спецыфічныя рысы анекдота: аднаэпізадычнасць, лаканічнасць, дакладная расстаноўка герояў, нечаканая камічная развязка. Блізкі да нар. жарту, гумарэскі.

У зах.-еўрап. народаў жанры, блізкія да анекдота — фабліо, фацэцыя, шванк. Тэрмін «анекдот» упершыню ўжыты ў Візантыі ў дачыненні да «Таемнай гісторыі» («Anekdota», 6 ст.) Пракопія Кесарыйскага. Да сярэдзіны 19 ст. да анекдота адносілі кароткія апавяданні пра здарэнні з вядомымі гіст. асобамі.

Бел. анекдоты публікаваліся ў зб. П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, М.Федароўскага і інш., у календарах, прэсе. Народныя анекдоты выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Ядвігін Ш., Я.Колас, К.Чорны, Б.Сачанка і інш. бел. пісьменнікі.

Публ.:

Народныя ўсмешкі. Мн., 1961;

Беларускія народныя жарты. Мн., 1970;

Жарты, анекдоты, гумарэскі. Мн., 1984.

А.С.Фядосік.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)