АНФА́С
(франц. en face літар. у твар),
тварам да таго, хто глядзіць; від твару, прадмета прама, спераду.
т. 1, с. 407
АНФІЛА́ДА (франц. enfilade) у архітэктуры, шэраг паслядоўна прылеглых адно да аднаго памяшканняў, дзвярныя праёмы якіх размешчаны на адной восі, што пры адчыненых дзвярах стварае скразную перспектыву ўсіх інтэр’ераў, звязаных у адзіную арх.-пластычную сістэму.
Анфіладная планіроўка ўзнікла ў Стараж. Егіпце. Пашырана ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока і класіцызму. У яе аснове — прынцып стварэння пышна аздобленых інтэр’ераў з эфектам бясконцасці, глыбокай перспектывы арх. прасторы (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Жыліцкі палац і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваецца ў буйных грамадзянскіх збудаваннях, пераважна музейных і выставачных (Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Палац мастацтваў у Мінску і інш.). Анфіладай называюць таксама шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў (праспект Ф.Скарыны ў Мінску).
А.М.Кулагін.
т. 1, с. 407
А́НФІНСЕН
(Anfinsen) Крысціян Бемер (н. 26.3.1916, г. Манесен, шт. Пенсільванія, ЗША),
амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1963), Дацкага каралеўскага т-ва навук (1964). Скончыў Пенсільванскі ун-т (1939). У 1948—50 і 1962—63 выкладаў у Гарвардскім ун-це, у 1950—62 і з 1963 у Нац. ін-це здароўя ў Бетэсдзе (каля Вашынгтона). Навук. працы па біяхіміі бялкоў і ферментаў. Прапанаваў новую трактоўку працэсу біял. эвалюцыі (1959). Нобелеўская прэмія 1972 (з С.Мурам і У.Х.Стайнам).
Тв.:
Молекулярные основы эволюции: Пер. с англ. М., 1962.
т. 1, с. 408