АНО́ШКА
(Onoszko) Ян (каля 1775, Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 1820 або 1827),
польскі і бел. паэт. Дакладныя факты біяграфіі не захаваліся. Некаторыя аўтары атаясамліваюць яго з ксяндзом Янам Аношкам, рэктарам Варшаўскай духоўнай семінарыі (1823—31). Пісаў панегірыкі шляхце, сатыр. вершы. Аўтар паэмы «Бібеіда» (распаўсюджвалася ў рукапісах). У сваіх сентыментальных творах услаўляў жыццё ў вясковым зацішшы («Муза з вясковае далі», «Мае думкі», «На дажынкі»), прапаведаваў працавітасць і сумленнасць («Літасць»), высмейваў асобныя заганы («На п’янага ветрагона»). Некаторыя яго вершы маюць рэлігійна-містычнае адценне («Сон», «Да бога»), У 1828 Т.Урублеўская выдала ў Полацку яго «Паэтычныя творы». П.Мядэкша ўключыў вершы Аношкі ў зб. «Вянок з папараці» (Вільня, 1842). Пра Аношку як «беларускага паэта» пісалі Р.Падбярэскі, рус. бібліёграф Р.Генадзі. На бел. мову творы Аношкі перакладаў У.Дубоўка.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 451—454.
А.В.Мальдзіс.
т. 1, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)