АНАБАПТЫ́СТЫ
(ад грэч. anabaptizō перахрышчваю),
перахрышчэнцы, удзельнікі радыкальнага народнасектанцкага руху эпохі Рэфармацыі пераважна ў Германіі, Швейцарыі, Нідэрландах. Патрабавалі паўторнага хрышчэння (у свядомым узросце), адмаўлялі царк. іерархію, асуджалі багацце, заклікалі да ўвядзення агульнай маёмасці. Удзельнічалі ў Сялянскай вайне 1524—26 у Германіі, утварылі Мюнстэрскую камуну (1534—35); разгромлены. Анабаптысты праніклі і ў некаторыя бел. гарады, дзе знайшлі паслядоўнікаў сярод мясц. рамеснікаў. Асобныя элементы вучэння анабаптыстаў перайшлі ў дагматыку некаторых пратэстанцкіх сектаў (баптыстаў і квакераў).
т. 1, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)