АО́РЫСТ

(грэч. aoristos),

простая дзеяслоўная форма, уласцівая многім стараж. і некаторым сучасным індаеўрап. мовам. Абазначае адзінкавае мінулае дзеянне (стан) без паказу яго працягласці. У старабел. літ. мове аорыст ужываўся рэдка. Утвараўся ад асновы інфінітыву пры дапамозе суфіксаў -х-, -с-, -ш («быхъ, бы, бы, быхомъ, бысте, быша» — «я, ты, ён быў; мы, вы, яны былі»). У сучаснай бел. мове не захаваўся, але форма 2-й і 3-й асобы адз. л. аорыста дзеяслова «быти» ператварылася ў нязменную часціцу «бы» («б») і служыць сродкам перадачы мадальнасці («меў бы», «калі б»).

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)