Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМНАКА́Н,

рака паміж Кітаем і КНДР, гл. Ялуцзян.

т. 1, с. 320

АМНЕЗІ́Я

(ад а... + грэч. mnesis успамін),

адсутнасць успамінаў, аслабленне памяці. Нармальная амнезія ў першыя 3 гады жыцця дзіцяці абумоўліваецца недаразвіццём кары галаўнога мозга, паталагічная амнезія бывае пры псіх. хваробах, траўмах галавы, атручэннях і парушэннях свядомасці. Пры частковай амнезіі з памяці выпадаюць некат. віды і ўяўленні, пры рэтраграднай — падзеі пэўнага часу (гадзіны, дні, месяцы), якія папярэднічалі хваробе. Пры антэраграднай амнезіі забываюцца падзеі, што адбыліся пасля хваробы ці вострага парушэння свядомасці, а пры амнезіі, якая прагрэсіруе, забываецца найперш тое, што было нядаўна.

т. 1, с. 320

АМНІЁН

(грэч. amnion),

адна з зародкавых абалонак амніётаў. Утварае запоўненую вадкасцю поласць — асяроддзе для развіцця зародка, ахоўвае яго ад мех. пашкоджанняў. Падобную да амніёна абалонку маюць некаторыя насякомыя, немертыны і інш. беспазваночныя.

т. 1, с. 320

АМНІЁТЫ

(Amniota),

група першаснаназемных пазваночных жывёл (паўзуны, птушкі і млекакормячыя), у якіх на ранніх стадыях развіцця паяўляюцца асобныя зародкавыя абалонкі, у т. л. амніён (адсюль назва). У адрозненне ад анамній у амніётах зародак развіваецца ў яйцы (паўзуны, птушкі) або ў матцы самкі (млекакормячыя). Размнажаюцца і развіваюцца на сушы.

т. 1, с. 320

АМНІ́СТЫЯ

(ад грэч. amnēstia забыццё, дараванне),

вызваленне ад крымін. адказнасці, замена назначанага судом пакарання больш мяккім або зняцце судзімасці. Ажыццяўляецца на аснове акта вышэйшага прадстаўнічага органа дзярж. улады ці кіраўніка дзяржавы. Можа быць агульнай для ўсіх асоб, засуджаных або прыцягнутых да крымін. адказнасці па шэрагу артыкулаў крымін. закону, або частковай (адносіцца да асоб, якія ўчынілі злачынствы толькі пэўнай катэгорыі). Права амністыі ў Рэспубліцы Беларусь мае Вярх. Савет. Ад амністыі адрозніваюць памілаванне.

т. 1, с. 320

АМНІ́СТЫЯ МІЖНАРО́ДНАЯ

(Amnesty International),

міжнар. праваахоўная няўрадавая арганізацыя. Створана ў 1961 у Лондане. Мае філіялы ў 44 краінах свету, прадстаўлена індывід. членамі ў 155 краінах і тэрыторыях (1994). Асн. мэты: юрыд. дапамога зняволеным за паліт. і рэліг. перакананні («нявольнікам сумлення») і іх сем’ям. Выступае супраць катаванняў і смяротнай кары, рыхтуе незалежныя даклады аб парушэннях правоў чалавека. Кіруючыя органы — сесія (склікаецца штогод), выканаўчы камітэт, сакратарыят. Штаб-кватэра ў Лондане. Нобелеўская прэмія міру 1977.

т. 1, с. 320