Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМЁБІЯЗ,

амёбная дызентэрыя, хвароба чалавека, якая выклікаецца паразітаваннем у яго арганізме дызентэрыйнай амёбы (Entamoeda histolytica) і характарызуецца язвавым пашкоджаннем тоўстага кішэчніка. Цысты ўзбуджальніка выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе з калам, у вадзе могуць захоўваць жыццяздольнасць да 8 месяцаў; трапляюць у арганізм праз брудныя рукі, прадметы ўжытку, забруджаную агародніну, ваду. Інкубацыйны перыяд да 1,5 месяца. Хвароба пачынаецца слабасцю, зніжэннем апетыту, болямі ў жываце. Надворак пачашчаецца да 5—15 разоў за суткі, вадкі, са сліззю і крывёй. Развіваюцца з’явы інтаксікацыі. Без лячэння магчымы пераход у хранічную форму з ускладненнямі (разрывы кішак і абсцэсы ў печані і мозгу). Лячэнне толькі ў стацыянары з наступным наглядам урача.

т. 1, с. 316

АМЁБЫ

(Labosea),

клас прасцейшых. Трапляюцца ў прэсных, саленаватых, марскіх водах, часта ў прыбярэжным пяску, глебе; асобныя паразітуюць у кішэчніку жывёл і чалавека (напр., амёба дызентэрыйная Entamoeda histolytica), выклікаюць амёбіяз.

Цела 15 мкм — З мм, пастаяннай формы не маюць. Перамяшчаюцца з дапамогай часовых вырастаў (псеўдаподыяў). Хуткасць руху 0,5—3 мкм/мін. Маюць ядро, пульсуючую і стрававальную вакуолі. Жывяцца бактэрыямі, водарасцямі, прасцейшымі. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем). У неспрыяльных умовах акругляюцца, укрываюцца 2-слаёвай шчыльнай абалонкай (інцыстуюцца).

т. 1, с. 316