АМРА́ВАТЫ,
Амрааты, Амараваты, горад у Індыі, на ПнУ штата Махараштра. 434 тыс. ж. (1991). Гандл. цэнтр буйнога бавоўнаводчага раёна. Рэшткі самага вял. індыйскага мемарыяльнага збудавання — ступа (2 ст. да н.э.).
т. 1, с. 324
АМРА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі энеаліту (2-я пал. 5 — пач. 4-га тыс. да н.э.) у Верхнім і Сярэднім Егіпце. Назва ад паселішча каля мяст. Эль-Амра (Егіпет). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Для амрацкай культуры характэрны чырвоны глянцаваны посуд, на якім белай фарбаю нанесены «крыжалінейны» арнамент. Прылады працы вырабляліся з крэменю, косці, сустракаюцца медныя рэчы (шпількі, гарпуны, пацеркі). Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, у магілы клалі посуд, упрыгожанні, грабяні, статуэткі са слановай косці.
т. 1, с. 324
А́МРЫ,
археал. культура плямёнаў эпохі неаліту і ранняй бронзы (4—3-е тыс. да н.э.), што жылі на тэр. Сінда і Паўд. Белуджыстана (Пакістан). Назва ад паселішча Амры (Сінд). Насельніцтва жыло ў дамах з сырцовай цэглы. Практыкаваліся расчлянёныя пахаванні. Кераміка амры крэмавага ці ружовага колеру, глянцаваная, размаляваная пераважна геам. арнаментам, шахматнымі панэлямі і інш. Прылады вырабляліся са сланцу, радзей — з медзі.
т. 1, с. 324
АМРЫКЯ́Н Міхрдат Аванесавіч
(13.5.1843, Тбілісі — 17.2.1879),
армянскі акцёр, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сцэн. рэалізму ў арм. т-ры. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1859. Працаваў у Ерэване, Александропалі, Шушы, Канстанцінопалі. З яго імем звязаны традыцыі сцэн. ўвасаблення вобразаў у п’есах Г.Сундукяна. Адна з лепшых роляў — Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера). Выступаў як тэатр. крытык.
т. 1, с. 324
АМРЫ́ТА
(санскр.),
у індуісцкай міфалогіі боскі напітак неўміручасці. Паводле аднаго з індуісцкіх міфаў, каб здабыць амрыта, багі і асуры збіваюць сусв. акіян, з якога выходзіць бог лячэння Дханвангары з кубкам амрыта ў руках.
т. 1, с. 324
АМРЫ́ТСАР,
горад на ПнЗ Індыі, штат Пенджаб, 709 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Прамысл. і гандл. цэнтр. Тэкст., маш.-буд., хім. прам-сць. Вядомы рамёствамі: вытв-сць тканін, дываноў, вырабы з металу, косці, скуры.
Засн. ў канцы 16 ст. гуру Рам Дасам. Гал. рэліг. і культ. цэнтр сікхаў з ун-там Гуру Нанака. Тут знаходзіцца іх свяцілішча — «Залаты храм», дзе захоўваецца свяшчэнная кніга Адыгрантх. У 1-й пал. 19 ст. Амрытсар уваходзіў у склад дзяржавы Ранджыт Сінгха. У 1849 у выніку 2-й англа-сікхскай вайны захоплены англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1918—22 Амрытсар — адзін з цэнтраў нац.-вызв. барацьбы. 13.4.1919 англ. войскі расстралялі ў Амрытсары мітынг пратэсту супраць палітыкі калан. ўрада; у выніку т.зв. Амрытсарскай разні забіта і паранена больш за 1 тыс. чал. У 1947 Амрытсар значна разбураны ў час індуска-мусульманска-сікхскіх пагромаў.
т. 1, с. 324