Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМ’Е́Н

(Amiens),

горад на Пн Францыі, адм. ц. дэпартамента Сома і гал. горад гіст. вобласці Пікардыя. Прыстань на р. Сома. 154 тыс. ж. з прыгарадамі (1990). Маш.-буд., металургічная, хім., лёгкая і харч. прам-сць.

У старажытнасці Ам’ен — цэнтр гальскага племені амбіянаў, у сярэднія вякі — аднайм. графства. У 1435—77 у складзе Пікардыі ўваходзіў у Бургундскую дзяржаву. Тут заключаны Ам’енскі мірны дагавор 1802. Каля Ам’ена адбыліся буйныя ваен. аперацыі ў час франка-прускай 1870—71 і 1-й сусв. войнаў (гл. Ам’енская аперацыя 1918). Моцна разбураны ў часы 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры аднаўленні (1944—54, па планах арх. П.Дзюфо) захавана сярэдневяковае аблічча гіст. цэнтра. Вядомы арх. помнікамі: руіны познаант. сцен, амфітэатра і тэрмаў, гатычны Ам’енскі сабор, цэрквы Сен-Жэрмен (15 ст.), Сен-Ло (16 ст.), Сен-Рэмі (17 ст., рэканструявана ў канцы 19 ст.), Сен-Жак (1838), гадзіннікавая вежа (15—18 ст.), цытадэль (1589), рэнесансавыя атэлі, ратуша (17 ст., перабудавана ў 19 ст.), прэфектура (б. будынак інтэнданцтва, 1761), тэатр (1779—83). Музей Пікардыі (засн. ў 1854).

т. 1, с. 311

АМ’Е́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1918,

наступальная аперацыя англа-французскіх войскаў 8—13 жніўня супраць германскіх армій у 1-ю сусв. вайну. Праведзена з мэтай ліквідацыі Ам’енскага выступу і аховы ад арт. абстрэлу чыг. Парыж—Кале. На ўчастку прарыву (76 км) былі сканцэнтраваны гал. сілы і сродкі 4-й англ., 1-й і 3-й франц. армій, больш за 500 танкаў і самалётаў супраць 2-й і ч. войскаў 18-й герм. армій. Ням. войскі з вял. стратамі былі адкінуты. Ам’енская аперацыя стала пачаткам агульнага паражэння Германіі, якая ў ліст. 1918 вымушана была капітуляваць.

т. 1, с. 312

АМ’Е́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1802.

Падпісаны паміж Францыяй і яе саюзнікамі (Іспаніяй і Батаўскай рэспублікай) з аднаго боку і Англіяй — з другога 27.3.1802 у г. Ам’ен (Францыя). Завяршыў распад 2-й антыфранц. кааліцыі. Паводле яго Англія абавязвалася вярнуць Францыі і яе саюзнікам захопленыя ў іх калоніі (акрамя а-воў Цэйлон і Трынідад) і ачысціць ад сваіх войскаў в-аў Мальта, Францыя — вывесці войскі з Рыма, Неапаля і в-ва Эльба. Егіпет быў вернуты Турцыі. 13.5.1802 да дагавора далучылася Турцыя. Ам’енскі мірны дагавор стаў кароткай перадышкай у англафранц. барацьбе за сусв. панаванне. Разарваны з прычыны адмовы Англіі вызваліць в-аў Мальта. 22.5.1803 ваенныя дзеянні аднавіліся.

т. 1, с. 312

АМ’Е́НСКІ САБО́Р,

сабор Нотр-Дам, помнік гатычнай архітэктуры; адзін з буйнейшых гатычных сабораў у Еўропе. Пабудаваны ў г. Ам’ен (Францыя) у 1220—88 паводле плана Рабера з Люзарша пры ўдзеле Тома і Рэно з Кармона. 3-нефавая базіліка з 3-нефавым трансептам, з 3 галерэямі і 2 вежамі. Даўж. гал. нефа 143 м, выш. 42,5 м. Бакавыя капэлы дабудоўваліся ў 1292—1376, драўляны шпіль над сяродкрыжжам — пасля 1528. Гатычная скульптура парталаў — 13—14 ст., у т. л. знакамітыя статуі «Міласцівы Бог» і «Залатая Багародзіца». У інтэр’еры скульптура 13—17 ст., вітражы 13—14 ст.

т. 1, с. 312